Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ордэн замест крэдыту


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Традыцыйна паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі праводзяцца ў сьнежні. Бо на іх зацьвярджаецца бюджэт гэтага інтэграцыйнага ўтварэньня на наступны год. Кіраўніцтва РФ і прапаноўвала зладзіць гэтае мерапрыемства ў Маскве 23 сьнежня разам з самітамі АДКБ і ЭАЭС. Але Лукашэнка заўпарціўся. Прымаючы дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоту, ён не падтрымаў прапанову Масквы правесьці «ўсё агулам у адзін дзень», бо, паводле ягоных словаў, «зьявілася куча пытаньняў, якія трэба вырашаць, у беларуска-расійскіх адносінах». Ягоная лёгіка зразумелая. Фармат саюзнай дзяржавы падымае ролю Беларусі як эксклюзіўнага саюзьніка Расеі — з усімі фінансава-эканамічнымі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць. І любыя спробы Масквы прынізіць ці паставіць саюзную дзяржаву ў адзін шэраг зь іншымі інтэграцыйнымі аб’яднаньнямі выклікаюць ягонае пярэчаньне.

Лукашэнка хацеў як лепш, але ў выніку атрымалася як заўсёды. Правядзеньне паседжаньня Вышэйшага дзяржсавету ў сакавіку (саюзная дзяржава амаль увесь першы квартал жыве безь бюджэту) лішні раз паказвае, чаго насамрэч вартае гэтае інтэграцыйнае ўтварэньне.

Парадак дня паседжаньня быў пусты. І калі б не ўзнагароджваньне Лукашэнкі ордэнам Аляксандра Неўскага, то мэдыям і зачапіцца не было б за што. Цікава, што і само гэтае ўганараваньне кіраўніка Беларусі стала своеасаблівым адлюстраваньнем цяперашніх беларуска-расейскіх дачыненьняў. Бо цікавы бэкграўнд гэтай падзеі.

Пуцін узнагародзіў Лукашэнку ордэнам Аляксандра Неўскага з нагоды 60-годзьдзя, якое было 30 жніўня. Чаму толькі праз паўгода адбылося ўганараваньне? Можна меркаваць, што плянавалася правесьці ўрачыстасьць і ўручыць ордэн 23 сьнежня ў Маскве, падчас самітаў АДКБ і ЭАЭС. Аднак там здарыўся скандал. Як можна зразумець з паўнамёкаў Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі 29 студзеня, Пуцін, магчыма, прапанаваў яму не балятавацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін. Гэта беларускага лідэра, верагодна, моцна ўзрушыла, і тады прагучала ягоная знакамітая фраза, што ён стане прэзыдэнтам, нават калі ўвесь сьвет будзе супраць. Атмасфэра для ўрачыстасьці была сапсаваная. І толькі цяпер узнагарода знайшла героя.

Масква ўцягвае Менск у эскаляцыю сваёй вайны з ЭЗ і ЗША якраз у той момант, калі адносіны Беларусі з Захадам толькі пачынаюць нармалізавацца

З падпісаных у Маскве дакумэнтаў зьвяртае на сябе ўвагу міжурадавае пагадненьне аб візавым узаемадзеяньні, а ў ім — пункт аб узаемным прызнаньні і парадку выкананьня рашэньняў аб адмове ва ўезьдзе на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Як можна зразумець, забарона пэўным замежным грамадзянам на ўезд у РФ цяпер будзе распаўсюджана і на Беларусь. Як вядома, цяпер Расея ўступіла ў зацяжны і ўпарты канфлікт з Захадам. Бакі абменьваюцца візавымі санкцыямі, «чорныя сьпісы» пашыраюцца. То бок Масква ўцягвае Менск у эскаляцыю сваёй вайны з ЭЗ і ЗША якраз у той момант, калі адносіны Беларусі з Захадам толькі пачынаюць нармалізавацца. Беларусам гэта трэба?

Няма ніякай інфармацыі пра самае галоўнае пытаньне, якое сёньня хвалюе беларускае кіраўніцтва: крэдыты. Менск просіць 2,5 млрд даляраў. Няма сумненьня, што яно абмяркоўвалася на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна сам-насам. Але рашэньне не прынятае, пытаньне падвісла. Ня думаю, што Масква адмовіла. Месяц таму міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў казаў, што Расея можа дапамагчы. Відавочна, тая заява была зроблена не з уласнай ініцыятывы міністра — значыць, былі пэўныя ўказаньні Пуціна.

На мой погляд, пытаньне ўперлася ў дзьве праблемы. Па-першае, зь якіх крыніц, у якой форме выдзеліць гэтыя грошы. Існуе некалькі варыянтаў. Ці то крэдыт выдзеляць зь дзяржбюджэту РФ. Ці то грошы дасьць адзін з расейскіх дзяржбанкаў, бо раней Беларусь крэдытавалі і ВТБ, і Сбербанк. Магчымы варыянт разьмяшчэньня беларускіх аблігацыяў на расейскім рынку. А яшчэ пытаньне: у якой валюце? Бо зьявілася інфармацыя, што крэдыт можа быць не ў далярах, а ў расейскіх рублях.

Другая праблема. А чым Беларусь аддзячыць Маскве за крэдыт, што ўзамен? Расейская вайсковая авіябаза на беларускай тэрыторыі ці што іншае?

Маскве сьпяшацца няма куды, яна можа пачакаць. А Беларусі крэдыты патрэбныя тэрмінова. Бо вонкавыя даўгі трэба плаціць ужо цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG