Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 15 год «Норд-Осту» — аднаму з самых крывавых тэрактаў у расейскай гісторыі


Ушанаваньне ахвяраў тэракту, архіўнае фота
Ушанаваньне ахвяраў тэракту, архіўнае фота

Расея 26 кастрычніка ўшаноўвае памяць ахвяраў тэракту ў тэатральным цэнтры на Дуброўцы ў Маскве.

26 кастрычніка 2002 году адбыўся штурм тэатру на Дуброўцы ў Маскве, дзе тэрарысты, якія патрабавалі вываду расейскіх войскаў з Чачні, цягам трох дзён утрымлівалі дзевяць сотняў гледачоў мюзіклу «Норд-Ост». Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 130 закладнікаў, паводле праваабаронцаў — 174 чалавека, пацярпелі больш за 700 чалавек. Паводле афіцыйных заяваў, у час штурму былі забітыя ўсе тэрарысты.

Пацярпелыя і родзічы перакананыя, што адказнасьць за сьмерці пры штурме ляжыць ня толькі на тэрарыстах, але і на расейскіх уладах: у час штурму быў ужыты невядомы ўсыпляльны газ, які ня толькі не падзейнічаў на ўсіх тэрарыстаў, але і мог стаць прычынай большай часткі сьмерці закладнікаў (афіцыйная прычына большасьці сьмерцяў — «абвастрэньне хранічных захворваньняў»).

Расейцы так і не атрымалі ад уладаў адказаў на пытаньні аб тым, як быў дапушчаны маштабны тэракт, колькі насамрэч было тэрарыстаў, якое рэчыва ўжывалася пры штурме, чаму ўдзельнікаў штурму ўзнагароджвалі таемна і хто быў арганізатарам тэракту.

Сьледзтва па справе прыпыненае. У 2011 годзе Эўрапейскі суд па правах чалавека разгледзеў калектыўную скаргу пацярпелых у тэракце і прызнаў, што расейскія ўлады парушылі права на жыцьцё і на справядлівае судовае разьбіральніцтва. Суд абавязаў Расею выплаціць грашовыя кампэнсацыі сем’ям ахвяраў і расьсьледаваць абставіны гібелі 130 чалавек. Аднак Сьледчы камітэт Расеі адмовіўся пачынаць крымінальныя справы ў дачыненьні да асобаў, адказных за штурм. У 2014 годзе быў затрыманы падазраваны ў датычнасьці да тэракту 41-гадовы Хасан Закаеў, у сакавіку гэтага году яго прызналі вінаватым у арганізацыі дастаўкі зброі і выбухоўкі тэрарыстам і асудзілі да 19 гадоў калёніі строгага рэжыму. Адвакатка Карына Маскаленка заявіла, што сваім рашэньнем суд пазбавіў пацярпелых магчымасьці выявіць сапраўдных вінаватых гібелі людзей у тэатральным цэнтры.

«Норд-Ост» — другі па колькасьці ахвяраў тэракт у сучаснай гісторыі Расеі. У час захопу закладнікаў у Бэслане ў 2004 годзе і штурму школы загінула 333 чалавека, у тым ліку 186 дзяцей.

Чытайце гутаркі з родзічамі ахвяраў «Норд-Осту» на сайце расейскай службы Свабоды >>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG