Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд абавязаў Расею выплаціць 3 мільёны эўра родным загінулых у тэракце ў Беслане


Эўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што Расея павінна выплаціць сваякам загінулых пры захопе школы ў Беслане 2,95 млн эўра. Яшчэ 88 тысяч эўра будуць выплачаныя ў якасьці кампэнсацыі судовых выдаткаў.

Прадстаўнік камітэту «Маці Беслану» Анета Гадзіева заявіла, што сума, прысуджаная як пакрыцьцё маральнага ўрону, «невялікая», і што сапраўднай мэтай зыску было не пакрыцьцё ўрону, а ўстанаўленьне вінаватых у тэракце і правядзеньне аб’ектыўнага расьсьледаваньня.

«Выплата будзе падзелена паміж 406 пазоўнікамі, то бок хтосьці атрымае 5 тысяч эўра, хтосьці 20 тысяч. Гэта невялікія сумы для кампэнсацыі маральнага ўрону», — сказала Гадзіева.

Эўрапейскі суд па правах чалавека два гады таму прыняў да разгляду частку пазоваў ад пацярпелых у выніку захопу тэрарыстамі школы ў Беслане. Справа называлася «Тагаева і іншыя супраць Расеі». На момант падачы пазову ён аб’ядноўваў сем скаргаў ад 447 расейскіх грамадзян, пазьней колькасьць пазоўнікаў скарацілася.

Раніцай 1 верасьня 2004 году тэрарысты захапілі больш за 1,2 тысячы чалавек у сярэдняй школе № 1 Беслану (Паўночная Асэтыя) падчас урачыстай лінейкі, прысьвечанай пачатку навучальнага году. Адказнасць за арганізацыю атакі публічна ўзяў на сябе Шаміль Басаеў.

Два з паловай дні тэрарысты ўтрымлівалі 1128 закладнікаў (пераважна дзяцей, іх бацькоў і супрацоўнікаў школы) у замінаваным будынку ў вельмі складаных умовах. На трэці дзень каля 13:05 у школе адбыліся выбухі, а пазьней узьнік пажар, у выніку чаго будынак школы часткова абрынуўся. Пасьля першых выбухаў закладнікі пачалі выбягаць са школы, а сілы Цэнтру спэцыяльнага прызначэньня ФСБ пачалі штурмаваць будынак.

У выніку тэракту і штурму 320 чалавек зь ліку закладнікаў, зь іх 186 дзяцей, загінулі. Усяго, уключаючы ратавальнікаў, загінулі 333 чалавекі, больш за 800 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Было забіта 28 тэрарыстаў. Адзіны узяты жывым быў арыштаваны і асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Заяўнікі пазову супраць Расеі сьцьвярджалі, што ўлады парушылі іх права на жыцьцё (спэцназ пачаў штурм, рызыкуючы жыцьцямі закладнікаў), а пазьней — права на справядлівае судовае разьбіральніцтва. Таксама сярод прэтэнзіяў называлася няздольнасьць расейскіх праваахоўных органаў хутка і адэкватна адрэагаваць на сыгналы аб плянаваным тэракце. Такім чынам былі парушаныя артыкул 2 Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека («Права на жыцьцё») і артыкул 13 («Права на эфэктыўны сродак прававой абароны»).

Суд адзінагалосна пагадзіўся зь меркаваньнем заяўнікаў, што быў парушаны артыкул 2 («Права на жыцьцё») і Эўрапейская канвэнцыя аб правах чалавека.

«Уладамі была атрымана досыць канкрэтная інфармацыя пра заплянаваны тэракт у рэгіёне, дзе знаходзiцца навучальная установа. Тым ня менш, было зроблена недастаткова для таго, каб прадухіліць сустрэчу і падрыхтоўку тэрарыстаў і іх атаку на школу. Меры бясьпекі ў школе не былі ўзмоцненыя, і ні школа, ні грамадзкасьць не былі папярэджаныя аб існуючай пагрозе», — сказана ў рашэньні суду.

Эўрапейскі суд таксама адзінагалосна устанавіў, што мела месца парушэньне права грамадзян на справядлівае расьсьледаваньне, а расейскія сілавікі пры штурме будынка парушылі прававыя нормы аб ужываньні магутнай зброі. У прыватнасьці, пры штурме будынка з жывымі закладнікамі ўнутры ўжываліся танкі, гранатамёты і агнямёты, — падкрэсьліваецца ў рашэньні.

Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў у адказ на рашэньне Эўрапейскага суду заявіў: «Нам немагчыма пагадзіцца з такой фармулёўкай».

Міністэрства юстыцыі Расеі заявіла, што плянуе абскардзіць рашэньне Эўрапейскага суду па правах чалавека, у якім той прызнаў дзеяньні расейскіх уладаў падчас захопу закладнікаў у Беслане парушэньнем права закладнікаў на жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG