Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ноч на 29 ліпеня 1937 году адбыліся масавыя арышты праваслаўных беларускіх сьвятароў


Было арыштаванае ўсё духавенства Менску і іншых прыходаў на тэрыторыі ўсходняй Беларусі — тагачаснай БССР. Зачынілі праваслаўныя цэрквы, канфіскавалі маёмасьць.

Пра гэтыя падзеі нагадвае сайт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

«Праваслаўныя Біскуп Бабруйскі Філярэт, Біскуп Слуцкі Мікалай памерлі ў турме. Біскуп Мазырскі Іван быў дэпартаваны ў канцэнтрацыйны лягер, дзе памёр. Падобны лёс спаткаў многіх прадстаўнікоў духавенства і вернікаў, арыштаваных у тую ноч, — пішуць аўтары публікацыі. — Акцыя 29 ліпеня 1937 сталася пікам савецкага тэрору супраць праваслаўнай царквы ва Ўсходняй Беларусі».

Нагадваецца, што ахвярамі масавых рэпрэсій сталі 2000 сьвятароў, зьнішчаныя 2500 праваслаўных цэркваў, 23 манастыры.

Дасьледчык бальшавіцкіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў паспрабаваў падлічыць, колькі ж было забіта і закатавана служыцеляў храмаў у Беларусі.

"Праваслаўныя — усе. Амаль дзьве тысячы чалавек. Недзе тысячу дзевяцьсот служыла, і, можа, адзін-два, ну, ня болей за дзесяць чалавек уратаваліся. Гэта тыя, хто змог уцячы куды-небудзь за мяжу, схавацца, зьмяніць працу. Тая ж сытуацыя і з каталіцкімі — забіта і закатавана каля сямісот сьвятароў і арганістаў".

Лічбы, якія прыводзіць спадар Маракоў, тычацца ахвяраў савецкага тэрору ў Беларусі за пэрыяд з 1917 да 1964 году. Дасьледчык напісаў біяграфію кожнага. Двухтомны мартыралёг рэпрэсаваных праваслаўных сьвятароў Беларусі выйшаў у 2007 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG