Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў «маршу недармаедаў» у Горадні пачалі выклікаць у міліцыю


«Марш недармаедаў» у Горадні 19 лютага

На панядзелак, 27 лютага ў Ленінскі РАУС Горадні выкліканы актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Сяргей Верамеенка і актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ежы Грыгенчы.

Паводле Грыгенчага, яму і Верамеенку тэлефанаваў начальнік аддзела прафіляктыкі Ленінскага РАУС і запрасіў для дачы тлумачэньняў адносна іх удзелу ў несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася ў Горадні 19 лютага.

«Я зьбіраюся пайсьці ў панядзелак у міліцыю, мне хаваць няма чаго, патлумачу ўсё як было. Думаю, што хутчэй за ўсё на нас павінны скласьці пратаколы. Зрэшты, у панядзелак пабачым, што будзе», — кажа ён.

Пратэст супраць дэкрэта №3 19 лютага побач з будынкам гарадзенскага аблвыканкама. Ежы Грыгенчы трымае сьцяг у руках, з права ад яго Сяргей Верамеенка
Пратэст супраць дэкрэта №3 19 лютага побач з будынкам гарадзенскага аблвыканкама. Ежы Грыгенчы трымае сьцяг у руках, з права ад яго Сяргей Верамеенка

Акцыя «Марш недармаедаў» у Горадні была несанкцыянаванай. Арганізатары атрымалі забарону гарвыканкаму на яе правядзеньне. Тым ня менш некалькі дзесяткаў чалавек сабраліся на Савецкай плошчы і пратэставалі супраць дэкрэту № 3. Гучалі лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Не – дэкрэту № 3, Лукашэнка – сыходзь!», «Хто галоўны дармаед? Прэзыдэнт!».

На плошчы зьбіралі подпісы супраць дэкрэту аб «дармаедах», ахвочыя распавядалі свае гісторыі, як яны сталі «дармаедамі». Затым некалькі дзесяткаў чалавек прайшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы да будынка аблвыканкама і спрабавалі перадаць туды сабраныя подпісы супраць прэзыдэнцкага дэкрэта, але ім ніхто не адчыніў дзьвярэй.

За 100 сэкундаў: маршы «недармаедаў» ва ўсіх абласных гарадах Беларусі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG