Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: «Крымінальныя справы супраць аўтараў Regnum не зьвязаныя з палітыкай»


Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч у эфіры АНТ

Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч заклікае ня зьвязваць узбуджэньня крымінальных справаў у дачыненьні да аўтараў шэрагу інфармацыйных рэсурсаў за распальваньне нацыянальнай варожасьці з палітыкай. Пра гэта ён заявіў у эфіры праграмы «Трэба разабрацца» на тэлеканале АНТ.

«Варта выразна разумець, што палітыка — асобна, Сьледчы камітэт — асобна. Мы не разглядаем гэтыя крымінальныя справы як нейкія палітычныя хады. Для нас гэта тры з 85,5 тысяч крымінальных справаў — ня больш за тое», — адзначыў Наскевіч.

Нагодай пачаць справы стаў зварот Міністэрства інфармацыі, падставай — выснова рэспубліканскай экспэртнай камісіі пра тое, што ў артыкулах траіх аўтараў былі прыкметы распальваньня нацыянальнай варожасьці.

«Я хацеў бы зьвярнуць увагу, што цяпер распачатыя тры справы стасоўна, як іх называюць, «русафілаў», літаральна месяц таму паводле вынікаў крымінальнай справы быў асуджаны малады чалавек, якога называлі «русафобам». Увесну сёлета мы накіравалі ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да асобаў, якія заклікалі да непрыязнасьці да цыганскай нацыянальнасьці. Цяпер у Віцебскім абласным судзе паводле гэтага ж артыкулу разглядаецца крымінальная справа ў дачыненні да маладога чалавека... Вы бачыце, што мы зусім апалітычныя, у нас свабодная дзяржава, можна свабодна выказваць свой пункт гледжаньня, але свабода слова заканчваецца там, дзе пачынаюцца канкрэтныя дзеяньні, скіраваныя на распальваньне нацыянальнай варожасьці», — растлумачыў Іван Наскевіч.

Крымінальныя справы паводле распальваньня нацыянальнай варожасьці заведзеныя на Юрыя Паўлаўца, Сяргея Шыптэнку і Дзьмітрыя Алімкіна. Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG