Выявы з праекту «Не маўчы па-беларуску» грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» выдадзеныя ў форме вялікага набору паштовак.
Раней праект рэалізоўваўся ў форме календара на год, таксама прадаваліся невялікія наборы паштовак.
«Камплект складаецца з найбольш папулярных паштовак, на якія кампанія атрымала найбольш ухвальных водгукаў ад чытачоў — гэта цудоўныя тэматычныя малюнкі з назвамі вопраткі, ежы, жывёлаў, колераў, расьлінаў, мэблі і нават канцылярскіх прыладаў, — пішуць на сайце Budzma.by. — А новыя паштоўкі будуць распавядаць пра эмоцыі і з чаго складаецца аўтамабіль».
Аўтарка выяваў і ідэі праекту — Дар’я Мандзік, дызайн распрацаваў кіраўнік студыі «Адліга» Анатоль Лазар. Набыць паштоўкі ўжо можна ў шэрагу менскіх кнігарняў: «Акадэмкнізе», «Кнігарні пісьменьніка», «Цэнтральнай», «Ведах», «Сьветачы», «Эўрыцы» і ў этна-краме «Рагна». Неўзабаве набор мае зьявіцца ў крамах іншых гарадоў Беларусі.