Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не дазволілі Дзень Волі ў цэнтры гораду, адпраўляюць на Бангалор


Парк Дружбы народаў каля плошчы Бангалор

Менгарвыканкам забараніў заяўнікам правесьці акцыю 25 сакавіка па маршруце, які яны замаўлялі.

Менгарвыканкам дазволіў сабрацца з 12 да 12:30 у парку Дружбы народаў, а з 12:30 да 13:30 правесьці мітынг на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы ў парку.

Такі адказ падчас сустрэчы ў Менгарвыканкаме а 17 гадзіне далі заяўніку Алесю Макаву.

«Я адклікаў свой подпіс, напісаў, што ня згодны і здымаю зь сябе абавязкі арганізатара. Матывацыя — Менгарвыканкам парушыў закон, калі столькі цягнуў з адказам», — сказаў Алесь Макаў.

Астатнія заяўнікі ўжо адклікалі свае подпісы раней.

У Менгарвыканкаме патлумачылі сваё рашэньне тым, што пададзеная заяўка аб правядзеньні масавага мерапрыемства не адпавядае патрабаваньням закону «Аб масавых мерапрыемствах» і рашэньню Менгарвыканкаму аб вызначэньні ў Менску месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

«Рашэньнем вызначаны наступныя сталыя месцы для правядзеньня ў Менску масавых мерапрыемстваў: цэнтральная сцэнічная пляцоўка парку Дружбы народаў, летні тэатар парку Культуры і парк культуры і адпачынку імя 50-годзьдзя Вялікага Кастрычніка, пляцоўка каля фантану, разьмешчанага ў Кіеўскім сквэры.

З улікам вопыту правядзеньня такіх мерапрыемстваў у мінулыя гады, калі мітынгі, прысьвечаныя чарговай гадавіне абвяшчэньня БНР, праходзілі ў парку Дружбы народаў, Менгарвыканкам дазваляе правядзеньне 25 сакавіка масавага мерапрыемства ў форме мітынгу ў наступным парадку: збор удзельнікаў з 12 да 12:30 гадзін у парку Дружбы народаў, а з 12:30 да 13:30 мітынг на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў з агульнай колькасьцю ўдзельнікаў да 950 чалавек», — гаворыцца ў адказе Менгарвыканкаму.

Подпісы пад заяўкай на правядзеньне шэсьця 25 сакавіка паставілі прадстаўнікі руху «За свабоду» (Аляксандар Русевіч), аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (Дзяніс Садоўскі), Абʼяднанай грамадзянскай партыі (Ягор Віняцкі), Партыі БНФ (Зьміцер Касьпяровіч) і руху салідарнасьці «Разам» (Аляксандар Макаў). Яны прасілі дазволу сабрацца каля Акадэміі навук а 14-й гадзіне, далей мелася быць шэсьце па праспэкту Незалежнасьці да скрыжаваньня з вуліцай Купалы, месца мітынгу — пляцоўка ў парку Купалы перад помнікам Янкі Купалы. Калі ўлады не адказалі ў належны тэрмін на заяўку, заяўнікі адклікалі подпісы.

Дзяніс Cадоўскі так пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды рашэньне Менгарвыканкаму адносна акцыі 25 сакавіка:

Дзяніс Cадоўскі
Дзяніс Cадоўскі

«Менгарвыканкам парушыў заканадаўства, ня даўшы адказу за пяць дзён. Цяпер фізычна, нават калі б заяўнікі захацелі штосьці зьмяніць, гэта ўжо немагчыма. Таму мы як адказныя людзі павінны быць і будзем у 14 гадзін на Акадэміі навук, каб быць зь людзьмі. І пляны, якія мы агучвалі раней, пакуль не зьмяняюцца. Будзем, канечне, дзейнічаць па абстаноўцы, бо сытуацыю ўлады распальваюць, на гэта немагчыма не зважаць. Але мы павінны адзначыць гэты Дзень Волі годна. Таму ў 14:00 на Акадэміі навук 25 сакавіка».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG