Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч: забудоўнік адмовіўся будаваць офіс-цэнтар каля Курапатаў. ВІДЭА


Зьміцер Дашкевіч у Курапатах, архіўнае фота

Лідэр «Маладога фронту» і пратэстнага лягеру пад будоўляй ля мэмарыяльнага комплексу Курапатаў Зьміцер Дашкевіч схадзіў 2 сакавіка на прыём да бізнэсоўцаў Ігара Анішчанку і Сяргея Несьцерава, адказных за будаўніцтва офіснага цэнтру.

Як распавёў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч, сустрэча адбылася па ягонай ініцыятыве:

"Анішчанка прыняў мяне зь Несьцеравым, які спачатку вельмі радыкальна пра нас выказваўся. Яны запэўнілі, што ня хочуць будаваць на касьцях і шануюць парэшткі ахвяраў. Шкада, што ім для гэтага спатрэбілася шмат часу. Шкада, бо ёсьць і крымінальная справа супраць абаронцаў. Гэты забудоўнік нас запэўніў, што ніякай будовы ён на гэтым месцы рабіць ня будзе. Калі Шорац і гарадзкія ўлады знойдуць іншага забудоўніка, то будуць будавацца іншыя людзі. Анішчанка нам дзякаваў, што мы пратэставалі, што сталі каталізатарам. Бо яны на абмеркаваньнях ня чулі нічога пра пахаваньні. А гэта сьведчыць пра тое, што дзяржава вельмі намінальна падыходзіць да будоваў. Без гісторыкаў, дасьледчыкаў і мясцовых жыхароў.

У любым разе, Анішчанка і Несьцераў заявілі, што ня могуць працаваць, калі людзі кідаюцца пад тэхніку. Канешне, шкада, што на гэта спатрэбілася пяць дзён перад тым, як тэхніка была спыненая. Але мы расцэньваем гэта як пэўную перамогу».

Зьміцер Дашкевіч на сустрэчы ў офісе "Белрэканструкцыі". Фота Антона Матолькі.
Зьміцер Дашкевіч на сустрэчы ў офісе "Белрэканструкцыі". Фота Антона Матолькі.

Тым ня менш, як кажа Дашкевіч, лягер абаронцаў будзе стаяць да таго часу, пакуль яны не пабачаць дакумэнтаў пра заканчэньне будовы.

"Гэта дзяржава стварыла канфлікт. Сутыкнула ілбамі людзей, нагнятала жарсьці. Але вынік пазытыўны. Дзякуй усім самаахвярным людзям і Богу. Нельга было ні на што разьлічваць, калі нас, пару чалавек, цягалі па лужах. Дзякуй журналістам Радыё Свабода, якія першымі былі там. Дзякуй усім, хто прыняў удзел у абароне лягеру. Пакуль мы яго расфарміроўваць ня будзем. Дакумэнтаў мы пакуль ня бачылі. Таму чакаем".

Будаўнікі тым часам вывозяць ​з пляцоўкі ля Курапатаў бытоўкі і абсталяваньне. Дашкевічу распавялі, што ў наступны панядзелак на будоўлі ўжо будзе раўняцца ляндшафт, пасьля чаго прыйдуць працаўнікі «Зелянбуду», каб аднаўляць зялёную зону. Але збор актывістаў а 18-й гадзіне 3 сакавіка не адмяняецца, кажа Дашкевіч. Таксама на будоўлі Дашкевіча пераконвалі, што заявы на актывістаў аб пашкоджаньні плоту адклікаюць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG