Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: пасьля хатніх родаў у Бярэзані памерлі маці і двое немаўлятаў


Ілюстрацыйнае фота

Сьледчыя Менскай вобласьці паведамілі пра пачатак праверкі па факце сьмерці маці і двух нованароджаных дзяцей у раённым цэнтры Бярэзань (Беразіно) Менскай вобласьці пасьля хатніх родаў.

Увечары 28 верасьня ў раённую лякарню прымусова даставілі 29-гадовую жанчыну — яе ў цяжкім стане знайшлі родзічы і выклікалі «хуткую», але жанчына адмаўлялася ад шпіталізацыі. Пры абсьледаваньні ў жанчыны выявілі сьляды нядаўніх родаў. Уратаваць пацыентку не ўдалося, яна памерла празь некалькі гадзін.

У ваньне ў ейнай кватэры знайшлі целы дзьвюх нованароджаных дзяўчатак. Як выявілася, жанчына ўтойвала цяжарнасьць і не зьвярталася па мэдычную дапамогу.

Сьледчыя праводзяць экспэртызы і апытваюць родзічаў і суседзяў, а таксама выяўляюць, ці нарадзіліся дзеці яшчэ жывымі.

Хатнія роды законныя. Забойства народжанага дзіцяці, нават па неасьцярожнасьці — не

Тымчасам у Гомельскім абласным судзе чакаюць выраку ў справе жанчыны, якая ў канцы красавіка дома нарадзіла хлопчыка, загарнула яго ў ручнік і анучы і выкінула ў выграбную яміну прыбіральні. Дзіця памерла ня менш як праз 5 гадзін. За гэта маці пагражае ад 8 год пазбаўленьня волі да сьмяротнага пакараньня паводле ч.2 і ч.6 арт. 139 КК РБ — забойства заведама малалетняга з асаблівай жорсткасьцю.

За хатнія роды Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасьці: жанчына мае права выбіраць, ці нараджаць у дзяржаўнай мэдычнай установе, ці ў іншых умовах.

Нядаўнюю справу супраць віцебскай парадзіхі, прызнанай вінаватай у прычыненьні дзіцяці сьмерці па неасьцярожнасьці, распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула. Пазыцыя сьледзтва палягала ў тым, што мэдыкі ня раз папярэджвалі жанчыну пра складанасьці, якія могуць узьнікнуць, калі нараджаць без нагляду спэцыялістаў. Тым ня менш яна вырашыла нарадзіць самастойна і не дала рады ў сытуацыі, якая магла б пасьпяхова вырашыцца ў радзільні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG