Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскім актывістам не дазволілі зладзіць пікет за годны ўзровень жыцьця


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У адмове са Слонімскага райвыканкаму гаворыцца, што накіраваныя ў выканкам дакумэнты не адпавядаюць патрабаваньням закону «Аб масавых мерапрыемствах». Што канкрэтна не адпавядае закону, у адмове не тлумачыцца.

Заяву на пікет падалі слонімскія актывісты Віктар Марчык і Павал Севасьцян. Мэтай пікету актывісты пазначылі прыцягненьне ўвагі жыхароў Слоніма да альтэрнатыўных прапаноў па зьмене існуючай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і забесьпячэньні годнага жыцьця грамадзян, стварэньні новых працоўных месцаў.

Плянавалася на пікеце падняць праблему адмены дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» і забесьпячэньні канстытуцыйнага права на працу для слонімцаў Міхаіла Сошкі і Алеся Масюка, якіх звольнілі з палітычных матываў.

У прыватнасьці, Масюку цяпер ужо адмаўлялі ў працаўладкаваньні ў васьмі розных месцах. Ён перакананы, што за гэтым крыюцца толькі палітычныя прычыны. Масюк накіраваў скаргу ў пракуратуру раёну, але дзейсных захадаў ніхто не прымае. Правядзеньне пікету было заплянавана на 18 сьнежня ў слонімскім гарадзкім парку.

Севасьцян, зазначыў Свабодзе, што адмова чаканая, паколькі за апошнія 10 гадоў Слонімскі райвыканкам не дазволіў у Слоніме праводзіць ніводнага мерапрыемства сябрам беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў:

«Гэтая адмова — звычайная іх адпіска. Улады цяпер баяцца якіх-кольвек сацыяльных акцыяў, паколькі напружаньне ў грамадзтве расьце, і прычым адчувальна. У Слоніме практычна немагчыма ўладкавацца на працу, заробкі малыя, і гэтая тэма цяпер найбольш абмяркоўваецца жыхарамі нашага гораду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG