Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месцы масавых пахаваньняў вакол Марыюпалю працягваюць павялічвацца

Масавае пахаваньне паблізу Марыюпалю, 8 траўня 2022 г.
Масавае пахаваньне паблізу Марыюпалю, 8 траўня 2022 г.

Працягваюць павялічвацца месцы масавых пахаваньняў пад Марыюпалем. Такія зьмены спадарожнік зафіксаваў у траўні ў пасёлку Стары Крым і пасёлку Вінаграднае Данецкай вобласьці, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода. Матэрыял падрыхтаваў Кірыла Аўсяны з праграмы «Схемы».

Найбольшыя зьмены спадарожнік Planet Labs зафіксаваў у траўні ў пасёлку гарадзкога тыпу Стары Крым на паўночным захадзе ад Марыюпалю. На спадарожнікавым здымку ад 8 траўня даўжыня брацкай магілы на мясцовых могілках павялічылася з 200 мэтраў да больш як 340 мэтраў у параўнаньні з выявай мясцовасьці ад 24 красавіка, апублікаванай раней. Павялічылася і колькасьць траншэй.

На фота за 8 траўня таксама відаць тэхніка — праўдападобна, экскаватар.

Павялічылася месца масавага пахаваньня і на могілках каля вёскі Вінаграднае на ўсход ад Марыюпалю.

6 траўня спадарожнік Planet Labs зафіксаваў зьяўленьне там новых траншэй — у параўнаньні са спадарожнікавымі здымкамі гэтай мясцовасьці, апублікаванымі 21 красавіка.

Таксама 9 траўня ў тэлеграм-канале Марыюпальскай гарадзкой рады зьявілася відэа з могілак у Вінаградным з паведамленьнем, што «акупанты працягваюць вывозіць целы забітых расейскай арміяй грамадзян».

«Цяпер расейскія акупанты спрабуюць зрабіць усё, каб схаваць свае ваенныя злачынствы. Яны хаваюць целы ў брацкіх магілах і выкарыстоўваюць перасоўныя крэматорыі. То бок мы разумеем, што ім трэба схаваць больш за 20 тысяч забітых марыюпальцаў. Але мы працягваем фіксаваць гэтыя брацкія магілы, каб ня даць схаваць гэтыя злачынствы супраць жыхароў Марыюпалю», — заявіў журналістам мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка.

Паводле яго, расейскія вайскоўцы надалей прыцягваюць да пахаваньня мясцовых жыхароў, якія «вымушаныя пагаджацца працаваць за ежу, ваду і лекі, якіх цяпер у Марыюпалі не хапае».

Бойчанка таксама паведаміў, што многія целы загінулых марыюпальцаў былі вывезеныя з вуліц гораду расейскімі акупантамі да 9 траўня.

«Трэба разумець, што 9 траўня рашысты і іх паплечнікі правялі шабаш на крыві і касьцях. Яны прыбралі некалькі вуліц і паспрабавалі зрабіць шоў. Але што цяпер адбываецца ў Марыюпалі, усе разумеюць. Гэта сапраўднае пекла», — дадаў Бойчанка.

Непадалёк ад могілак у вёсцы Вінаграднае 6 траўня спадарожнік таксама зафіксаваў вайсковую тэхніку Расейскай Фэдэрацыі. Вайсковыя экспэрты, да якіх зьвярнуліся журналісты, вызначылі артылерыйскія машыны.

Раней журналісты Радыё Свабода паведамлялі аб трох сэктарах масавых пахаваньняў, выяўленых пад Марыюпалем — акрамя вёскі Стары Крым і вёскі Вінаграднае, спадарожнік таксама зафіксаваў «брацкую магілу» каля могілак у пасёлку Мангуш за 20 км ад Марыюпалю. Паводле апошніх спадарожнікавых здымкаў, зьменаў тут няма.

Марыюпаль быў аточаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціў у горадзе ўжо трэці месяц. Завод «Азоўсталь» у Марыюпалі ўвесь час бароняць байцы палку «Азоў» і марская пяхота.

8 траўня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна цяпер ня мае магчымасьці разблякаваць Марыюпаль ваенным шляхам. Ён дадаў, што Кіеў спрабуе дамагчыся эвакуацыі з дапамогай дыпляматыі, і менавіта гэты шлях дазволіў эвакуаваць з заводу мірных жыхароў. Масква адмаўляецца абмяркоўваць калідор для вайскоўцаў. Украіна далучыла да перамоваў прадстаўнікоў Турэччыны, Ізраілю, Швайцарыі, Францыі, ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG