Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля берагоў Швэцыі адбыўся інцыдэнт з францускім авіяносцам, да якога наблізіўся дрон

Францускі авіяносец Charles de Gaulle. Архіўнае фота
Францускі авіяносец Charles de Gaulle. Архіўнае фота

У Міністэрстве абароны Швэцыі прызналі, што бесьпілётнік, імаверна, быў расейскім.

Бесьпілётнік наблізіўся да францускага авіяносца Charles de Gaulle, калі той стаяў у швэдзкім порце Мальмё. Швэдзкія вайскоўцы «нэўтралізавалі» дрон.

Міністар абароны Швэцыі Поль Юнсан заявіў, што бесьпілётнік, імаверна, быў расейскім. Мяркуецца, што яго запусьцілі з расейскага карабля ў праліве Эрэсун, паведаміла швэдзкая тэлекампанія SVT.

Палкоўнік Гіём Вэрнэ, прадстаўнік францускага Генэральнага штабу, заявіў тэлеканалу BFM, што авіяносец Charles de Gaulle мае ўласныя сродкі абароны ад бесьпілётнікаў.

«Аднак калі група авіяносцаў уваходзіць у сувэрэнныя воды партнэра, як у гэтым выпадку, яна прымае абарону краіны-гаспадара», — растлумачыў ён.

Швэдзкія ўлады расьсьледуюць, ці была парушана паветраная прастора краіны, паведаміла SVT.

Charles de Gaulle прыбыў у Мальмё 25 лютага для ўдзелу ў вучэньнях NATO. Поль Юнсан заявіў, што падчас знаходжаньня авіяносца ў Швэцыі былі прынятыя «спэцыяльныя захады бясьпекі».

Швэцыя стала сябрам NATO ў 2024 годзе. Да гэтага краіна захоўвала нэўтралітэт каля 200 гадоў. Швэцыя падала заяўку на далучэньне да Паўночнаатлянтычнага альянсу разам зь Фінляндыяй у 2022 годзе, пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

XS
SM
MD
LG