Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя раптоўна «знайшла» ў затрыманых у тралейбусе нажы. На судах такога не гучала


Каляж: на пярэднім пляне — Дэні Трэха на постэры фільма «Мачэтэ» (2010), на заднім — затрыманьне грамадзянаў «людзьмі ў цывільным» у тралейбусе, Менск, 15 сакавіка 2017 году

У эфіры перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ начальнік менскай міліцыі грамадзкай бясьпекі Іван Курбакоў заявіў, што ў затрыманых ў менскім тралейбусе былі нажы і кастэты.

Не, ня чулі

Пасьля санкцыянаванага ўладамі «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка ў Менску «людзьмі ў цывільным» былі гвалтоўна затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек, якія ехалі на тралейбусе, што спыніўся каля «Белай вежы». Міліцыя заявіла, што гэта былі анархісты, якія на шэсьці хавалі твары пад маскамі (што незаконна на масавых мерапрыемствах).

На судах затрыманых абвінавачвалі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Тыя ж сьцьвярджалі, што іх затрымлівалі грамадзяне, якія не прадстаўляліся супрацоўнікамі міліцыі, а проста хапалі людзей у тралейбусе. Іншыя дапытвалі сьведкаў-міліцыянтаў пра тое, у чым яны былі апранутыя і якія маскі мелі — тыя блыталіся і ня памяталі шэрагу дэталяў. Некаторыя заяўлялі, што іх затрымлівалі ня тыя людзі, якія сьведчылі супраць іх. Некаторыя ж казалі, што ня бралі ўдзелу ў мітынгу, а проста ехалі ў тралейбусе.

Брутальна затрыманыя дзясяткі ўдзельнікаў «Маршаў недармаедаў» у Менску, Горадні і Магілёве

У ліку асуджаных на суткі — былы студэнт Пятро Маркелаў. Яго таксама абвінавацілі ў нашэньні маскі і непадпарадкаваньні міліцыі. Ён жа сьцьвярджаў, што проста здымаў «хапун» у тралейбусе, за што і быў затрыманы, а «Эўрарадыё» прасачыла па кадрах «Свабоды», фота і відэа з сацсетак шлях Маркелава на мітынгу — не відаць, што ён насіў маску.

Карэспандэнт Свабоды Алег Грузьдзіловіч, які быў на шэрагу судоў над затрыманымі анархістамі, ня чуў пра знойдзеныя нажы і кастэты. Іншыя СМІ, якія асьвятлялі працэсы 16 сакавіка і наступных дзён, таксама не паведамлялі пра агучваньне такіх «знаходак» у час судоў.

У Генпракуратуры карэспандэнту Свабоды заявілі, што ня маюць зьвестак пра нажы і кастэты ў затрыманых 15 сакавіка ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў».

«Людзі ў цывільным баранілі цывільных»

Далей — словы супрацоўнікаў міліцыі, сказаныя ў эфіры АНТ.

«Заканадаўства сёньня дазваляе супрацоўнікам органаў унутраных спраў ажыцьцяўляць свае паўнамоцтвы як ў штатным, так і ў цывільным адзеньні. Больш за тое, супрацоўнік унутраных спраў заўсёды на працы. І нават калі ён ідзе пасьля працы дадому і зьяўляецца відавочцам правапарушэньня, ён павінен яго спыніць. Таму казаць пра тое, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў, знаходзячыся ў цывільным адзеньні, ня маюйь права зьдзяйсьняць якія-небудзь дзеяньні, зьвязаныя з іх прафэсійнай дзейнасьцю, гэта няправільна. Яны маюць права выконваць тую працу, якая ім даручаная», — Марына Папова, начальніца аддзелу Генэральнай пракуратуры Беларусі ў наглядзе за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзянаў.

«Свае службовыя абавязкі супрацоўнікі міліцыі выконвалі, зыходзячы з наяўнай аператыўнай абстаноўкі. Што тычыцца тралейбуса, то затрыманьне адбывалася з улікам таго, што там знаходзіліся цывільныя людзі», — Іван Кубракоў, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менску.

«Вы ведаеце, ёсьць тактыка працы, у тым ліку і ў месцах масавага знаходжаньня грамадзянаў. У гэтай сытуацыі супрацоўнікі органаў унутраных спраў дзейнічалі такім чынам, каб правапарушальнікі ня мелі магчымасьці ўчыніць фізычную шкоду простым грамадзянам, якія знаходзіліся ў тралейбусе. Мы ўсе выдатна бачылі, якія прадметы былі канфіскаваныя ў гэтых грамадзян: і нажы, і кастэты, маскі...» — ён жа.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG