Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт Navi змагаецца за права ехаць на «Эўрабачаньне» зь песьняй па-беларуску


Гурт Navi

20 студзеня адбудзецца фінал беларускага адбору на «Эўрабачаньне».

Журы «Белтэлерадыёкампаніі» вызначыла 13 удзельнікаў фіналу нацыянальнага адбору на эўрапейскі конкурс песьні «Эўрабачаньне» яшчэ 30 лістапада.

У фінал адбору трапіла толькі адна песьня па-беларуску: «Гісторыя майго жыцьця» гурту Navi.

Падобная сытуацыя была і летась: Navi спрабаваў трапіць на «Эўрабачаньне» зь беларускай песьняй «Гэта зямля», але, паводле афіцыйных зьвестак, заняў толькі чацьвёртае месца.

Астатнія 12 выканаўцаў, што прайшлі ў фінал, сьпяваюць па-ангельску. Гэта сьпевакі Аляксандра Ткач, Настасься Шэвярэнка, Анжаліка Пушнава, Вадзім Капусьцін (пад псэўданімам Isaak Nightingale), Вольга Шыманская (праект Nuteki), Кацярына Рудніцкая (псэўданім Kattie), Мікіта Ходас, Уладзіслаў Курасаў і Юлія Каранюк (псэўданім «Июль»), а таксама гурты Lermont X Julic, Napoli і PROвокация.

Гурт Navi браў удзел і ў леташнім адборы на «Эўрабачаньне». Тады Navi лічыліся аднымі з фаварытаў, але прайгралі выканаўцу Ivan. Як пазьней прызнаўся прадусар гурту Napoli, галасаваньне за беларускага ўдзельніка «Эўрабачаньня» было заўважна накручанае, але яго вынікі не пераглядаліся. Ivan ня выйшаў у міжнародны фінал «Эўрабачаньня» з другога паўфіналу.

У дзень фіналу адбору на «Эўрабачаньне» гурт выклаў у сеціва свой новы альбом «Ілюмінацыя». У ім — 8 кампазыцыяў, 4 зь якіх на беларускай мове. Гэта «Гісторыя майго жыцьця», «Хуткімі думкамі», «Не пакідай» і «Бяжы».

XS
SM
MD
LG