Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ня ведаю выпадкаў, калі дзяржава рабіла нешта для прадухіленьня злачынстваў на глебе нянавісьці» — праваабаронца


Натальля Манькоўская
Натальля Манькоўская

Міліцыя часта ніяк не рэагуе на напады, якія ўчыняюцца з матываў нецярпімасьці, а дзяржава нічога ня робіць, каб гэта зьмяніць, распавяла Свабодзе Натальля Манькоўская, старшыня праваабарончага цэнтру «Ідэнтычнасьць».

«Выпадак зь Міхалам Пішчэўскім стаў самым вядомым. Мала таго, што чалавек памёр, але і нападнік застаўся практычна не пакараны за вельмі брутальны гвалт. Ды толькі за гэты год мы зафіксавалі чатыры выпадкі нападаў, якія былі справакаваныя сэксуальнай арыентацыяй пацярпелага. І толькі ў двух выпадках людзі вырашылі неяк дабівацца справядлівасьці, крымінальных спраў.

Насамрэч такія выпадкі бывалі часта. Але я не магу даць поўную статыстыку, бо пацярпелыя часта не зьвяртаюцца ў праваабарончыя арганізацыі, а часам і ў міліцыю, бо лічаць, што гэта неэфэктыўна. Проста намагаюцца гэта забыць.

У большасьці выпадкаў міліцыя не пачынае крымінальныя справы. Па тых двух выпадках былі толькі адмовы ва ўзбуджэньні крымінальных спраў, па адным — тры, па другім — дзьве. Гэта выпадкі, калі мелі месца лёгкія цялесныя пашкоджаньні, калі ахвяраў абражалі, нападалі, білі, у тым ліку нагамі, разьбілі мабільны тэлефон у адным выпадку... Але што там можна казаць, калі нават тады, калі меў месца жорсткі гвалт, як зь Міхалам, злачынца адседзеў менш як год, фактычна забіўшы чалавека. Мне вядомы толькі адзін выпадак, калі справу пачалі — гэта выпадак Міхала, бо немагчыма было не пачаць справу, былі вельмі цяжкія наступствы.

«Міліцыя часам становіцца на бок нападнікаў і нават іх падтрымлівае, а да пацярпелага ставяцца ледзь не як да злачынцы».

Мы хацелі б, каб матыў гамафобіі быў адлюстраваны ў крымінальным кодэксе, але пакуль ня можам дамагчыся нават, каб людзей, якія зьдзейсьнілі злачынства праз гамафобію, пакаралі так, як калі б злачынства зьдзяйсьнялася адносна любога іншага чалавека. На практыцы бывае нават так, што пацярпелага ў міліцыі пачынаюць абвінавачваць, што ён вінаваты сам, што неяк паказаў сваю арыентацыю.

Пацярпелыя сутыкаюцца з абразамі з боку міліцыі, да іх ставяцца ледзь не як да злачынцаў. Пачынаем разьбірацца — аказваецца, пацярпелы нічога не паказваў, а проста нехта вырашыў, што насіць які-небудзь шалік, хадзіць нейкай хадой ці гаварыць нейкім тонам — гэта прыкмета гомасэксуальнай арыентацыі. І што за гэта трэба біць.

У заканадаўстве ёсьць такая адсылка, што злачынства, якое ўчыняецца з матываў варожасьці, розьні да нейкай сацыяльнай групоўкі, можа кваліфікавацца як з абцяжваючымі віну абставінамі. Але я ня ведаю выпадкаў, каб гэта пашыралася на гамафобію ці якую іншую фобію людзей.

Зрэшты, справа нават ня ў тым! У заканадаўстве хапае артыкулаў, якія б пакрывалі такія дзеяньні: хуліганства, нанясеньне цялесных пашкоджаньняў, пагроза забойствам і іншае. Крымінальныя справы не распачынаюцца, злачынцы пазьбягаюць адказнасьці. Не зьбіраецца статыстыка, таму нядобрасумленныя людзі могуць казаць, што праблемы ў прынцыпе няма.

Злачынствы на глебе нянавісьці зьдзяйсьняюцца па ўсім сьвеце, але не з аднолькавай частатой. Чым грамадзтва багацейшае, шчасьлівейшае, тым менш такіх злачынстваў. Ня толькі злачынстваў праз сэксуальную арыентацыю і гендэрную ідэнтычнасьць, але і праз расу, веравызнаньне.

Таксама частата і цяжкасьць такіх злачынстваў вельмі залежыць ад пазыцыі ўладаў.

У Эўропе такія злачынствы лічацца досыць цяжкімі, нават калі не прывялі да цяжкіх наступстваў.

У шмат якіх краінах у Крымінальным кодэксе ёсьць адсылка пра злачынствы на глебе менавіта сэксуальнай арыентацыі. Бо ахвярай чалавек можа стаць не праз тое, што робіць, а праз сваю асобу, праз тыя характарыстыкі, якія неадлучныя ад асобы. Такія злачынствы скіраваныя ня супраць канкрэтнага чалавека, а супраць цэлай групы. І калі за іх не караць, яны могуць прывесьці да настолькі сур’ёзных наступстваў, што будзе справакаваная яшчэ большая варожасьць і нецярпімасьць.

Быў такі выпадак, калі чалавек пацярпеў ад злачынстваў праз гамафобію ў кароткі час у Беларусі і ў Польшчы, жыў там і там. Тут удалося прыцягнуць нападнікаў да адказнасьці праз прыватнае абвінавачваньне, але матыў варожасьці ніяк ня быў расьсьледаваны. А ў Польшчы праз матывы гамафобіі судзьдзя яшчэ і яскрава выразіла сваю пазыцыю: казала, што недапушчальна праяўляць такую нецярпімасьць, што ў польскім грамадзтве такога быць не павінна.

«Можна згадаць выказваньні кіраўніка дзяржавы, якія могуць кваліфікавацца як мова варожасьці. Ён толькі падтрымлівае дзяржаўную гамафобію».

Я ня ведаю выпадкаў, каб дзяржава рабіла нешта для прадухіленьня злачынстваў на глебе нянавісьці. Гэта тычыцца любых абставін. Можна згадаць выказваньні кіраўніка дзяржавы, якія могуць кваліфікавацца як мова варожасьці. Да лесьбіянак ён ставіцца хутчэй проста зьняважліва, а да мужчын-геяў — варожа. І толькі падтрымлівае дзяржаўную гамафобію. Такія выказваньні вядуць да гвалту і да ўзмацненьня яго цяжкасьці.

Абавязкі дзяржавы заключаюцца ў тым, каб рабіць усебаковыя захады, і заканадаўчыя, і асьветніцкія, па барацьбе з гамафобіяй, па падтрымцы ахвяраў. Вядома, адным законам не зьмяніць сытуацыю, але заканадаўства задае мінімальныя рамкі і можа спрыяць таму, што будзе расьці цярпімасьць у грамадзтве".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG