Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы затрымалі аўтобус з былым кандыдатам на прэзыдэнта Алесем Міхалевічам. Пасажыраў правяраюць на сьляды наркотыкаў


Алесь Міхалевіч

У Берасьці ў ноч на 18 сьнежня на памежным пераходзе беларускія службы затрымалі аўтобус, які вёз пасажыраў з Варшавы ў Менск. Сярод пасажыраў аказаўся былы кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году апазыцыянэр Алесь Міхалевіч. Паводле Алеся Міхалевіча, затрыманьне аўтобуса не зьвязана з палітыкай.

«Мусілі адправіцца на Менск а 4-й гадзіне раніцы, але дагэтуль стаім. Кажуць, што ў аўтобусе знайшлі схаваныя наркотыкі і цяпер міліцыянты высьвятляюць, каму яны маглі належаць. Правяраюць пальцы ва ўсіх пасажыраў на тое, ці ёсьць сьляды наркотыку. Усяго больш за 50 пасажыраў, мая чарга пакуль не дайшла, колькі гэта яшчэ працягнецца — ня ведаю», — сказаў па тэлефоне Алесь Міхалевіч карэспандэнту Свабоды.

Пасьля разгону мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турме КДБ. Быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе, змог зьехаць у Чэхію, дзе атрымаў статус палітуцекача. Праз Інтэрпол улады Беларусі абвясьцілі Алеся Міхалевіча ў міжнародны вышук, з-за чаго яго некалькі разоў затрымлівалі ў эўрапейскіх краінах, але ў Беларусь не выдавалі. Больш за год таму Алесь Міхалевіч сам вярнуўся ў Беларусь. Тут палітыку паведамілі, што крымінальная справа супроць яго прыпыненая, але не закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG