Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне зь нетраў возера паднялі вайсковы рыштунак часоў ВКЛ. ФОТА і ВІДЭА

Як з-пад лёду даставалі 38-кіляграмовую бомбу XVIII стагодзьдзя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:32 0:00

Як з-пад лёду даставалі 38-кіляграмовую бомбу XVIII стагодзьдзя

Экспэдыцыя супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук разам з дайвінг-цэнтрам «Марскі пэгас» працавала на месцы старажытнай умацаванай рэзыдэнцыі магнатаў Вішнявецкіх у вёсцы Жа́бер Драгічынскага раёну.

Замак Вішнявецкіх у Жаберы — роўны па магутнасьці і багацьці палацу Радзівілаў у Нясьвіжы — быў зруйнаваны войскамі Карла ХІІ у 1706 годзе, падчас Паўночнай вайны.

Агульны выгляд месца экспэдыцыі: замкавы роў жаберскага палаца Вішнявецкіх
Агульны выгляд месца экспэдыцыі: замкавы роў жаберскага палаца Вішнявецкіх

Пра свае знаходкі Свабодзе распавядаюць навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Сяргей Ліневіч і старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі.

Навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Сяргей Ліневіч і старэйшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі апрацоўваюць знаходкі з жаберскага палаца

Пуды «звонкага срэбра» і «залатая карэта Карла ХІІ»

Велічная і магутная рэзыдэнцыя Вішнявецкіх у Жаберы была таксама і значнай фартэцыяй. Нездарма Карл ХІІ кінуў на яе разгром войска, каб зьнішчыць перадусім артылерыю. Яму гэта ўдалося. А сама падзея неўзабаве пачала аздабляцца легендамі і паданьнямі, накшталт таямніц палаца Радзівілаў у Нясьвіжы.

Навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва НАН Беларусі Сяргей Ліневіч
Навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва НАН Беларусі Сяргей Ліневіч

«Любы мясцовы жыхар вам раскажа, як швэдзкі кароль даў тысячу залатых дукатаў хабару камэнданту замка. Спачатку нібыта даў, а пасьля і самога забіў, бо не цярпеў людзей, якія могуць здрадзіць, — кажа навуковец Сяргей Ліневіч. — Што тут быў палац, да якога падступіла ледзь ня ўсё швэдзкае войска. Палац разбурылі і схавалі ягоны скарб — трынаццаць, шаснаццаць, васямнаццаць, дваццаць — у залежнасьці ад апавядальніка, але заўсёды заканчваецца аднолькава — „пудоў звонкага срэбра“».

«А на дадатак — залатую карэту самога Карла ХІІ», — сьмяюцца навукоўцы.

Археалягічныя артэфакты жаберскага замка, паднятыя дайвэрамі з дна ракі Ясельды
Археалягічныя артэфакты жаберскага замка, паднятыя дайвэрамі з дна ракі Ясельды

Часткова легенды былі пацьверджаныя знаходкамі пачатку мінулага стагодзьдзя. Тады мясцовыя жыхары дасталі з вады некалькі тагачасных гармат. Адна зь іх цяпер у музэі Войска Польскага ў Варшаве. Сам працэс пошукаў — ужо таксама легенда: маўляў, месьцічы ледзь ня коньмі цягалі з возера тысячы гэтых гармат, а хтосьці, нібы з трампліна, нават скакаў зь іх у ваду.

Гліняны і шкляны посуд, кафля праляжалі ў вадзе тры стагодзьдзі
Гліняны і шкляны посуд, кафля праляжалі ў вадзе тры стагодзьдзі

Што тычыцца гістарычных зьвестак, то навукоўцы ўжо дакладна дасьледавалі і вайсковыя дзеяньні таго часу, і колькасьць войскаў, афіцэраў, ведаюць і імёны ліцьвіна — камэнданта замкавай фартэцыі ды ягонага намесьніка-саксонца. Паводле дасьледчыкаў, швэдаў абцяжарваў захоплены вайсковы арсэнал Вішнявецкіх і зброя, сьцягнутая сюды з прастораў ВКЛ. Таму трафэі былі зьнішчаныя: іх зламалі, спалілі і патапілі ў возеры, каб зброяй ужо ніхто ня змог скарыстацца.

Сякера, вырабленая ў ВКЛ
Сякера, вырабленая ў ВКЛ

Ядры шукалі голымі рукамі ў балотнай твані ў маразы і ў поўнай цемрадзі

Падводную, а дакладней — падлёдную экспэдыцыю археолягі прымеркавалі да студзеньскіх маразоў наўмысна.

Археоляг Сяргей Ліневіч рыхтуецца да першага нырца на дно рову
Археоляг Сяргей Ліневіч рыхтуецца да першага нырца на дно рову

Равы з патопленым збройным арсэналам ВКЛ за тры стагодзьдзі так зарасьлі тваньню, што ўлетку, калі буяе расьліннасьць, такія дасьледаваньні праводзіць немажліва. Нават зімой гэта надзвычай складана.

Старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі
Старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі

«Днішчы равоў за тры стагодзьдзі зарасьлі тваньню ў 25 сантымэтраў. Бралі жэрдку, навязвалі на яе пілу і спачатку прапілоўвалі, а пасьля граблямі, шуфлямі і вёдрамі выцягвалі гэтую твань на лёд.

Пад вадой працуе дайвэр, вычышчаючы дно з дапамогай помпы
Пад вадой працуе дайвэр, вычышчаючы дно з дапамогай помпы

Празь дзьве гадзіны такой працы месца нагадвала філіял пекла на зямлі: вакол палонкі на лёдзе, пакрытым бялюткім сьнегам, — чорныя горы перагною і серны смурод», — жартуе старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі.

Дайвэр экспэдыцыі Андрэй Ліхачоў зь першай знаходкай — дубовым штурмфалам
Дайвэр экспэдыцыі Андрэй Ліхачоў зь першай знаходкай — дубовым штурмфалам

«І дайвэры з „Марскога пэгаса“, і валянтэры, якія нам шмат дапамагалі, працавалі на ўласным энтузіязьме, укладаючы асабістыя сродкі, за што ім вялікі дзякуй», — кажа ён. А Сяргей Ліневіч нават сам апускаўся пад лёд.

Выяўлены фрагмэнт дубовай канструкцыі моста жаберскага замку
Выяўлены фрагмэнт дубовай канструкцыі моста жаберскага замку

«Гэта твань, поўная цемрадзь з бачнасьцю нулявой. Таму нешта намацаць магчыма толькі голымі рукамі ў ледзяной вадзе», — кажа археоляг.

Радасьць ад першай мартырнай бомбы, знойдзенай падчас экспэдыцыі. Валянтэр Алесь Іваноў і дайвэр Андрэй Ліхачоў
Радасьць ад першай мартырнай бомбы, знойдзенай падчас экспэдыцыі. Валянтэр Алесь Іваноў і дайвэр Андрэй Ліхачоў

А намацаць і падняць удалося 38-кіляграмовыя марцірныя бомбы, драўляныя завостраныя палі (штурмфалы), якія выкарыстоўваліся як элемэнты абароны вала замка і захаваліся ў глеі ад гніеньня. Выяўленыя таксама элемэнты пад’ёмнага моста, брамы — кавалкі цэглы, муроў, іншыя аскепкі.

Дайвэр Андрэй Ліхачоў каля знойдзеных мартырных бомбаў
Дайвэр Андрэй Ліхачоў каля знойдзеных мартырных бомбаў

Паводле навукоўцаў, падобнай калекцыі артэфактаў на тэрыторыі Эўропы сёньня няма. Але бальшыня рарытэтаў яшчэ застаецца на дне палацавых равоў і блізкай Ясельды. Галоўным чынам — гарматы і ядры да іх.

Палац Вішнявецкіх у Жаберы роўны палацу Радзівілаў у Нясьвіжы. А цяпер каля яго завіхаюцца «чорныя капальнікі»

«Жаберскі палац Вішнявецкіх цікавы тым, што гэта магутная рэзыдэнцыя роду Вішнявецкіх. Калі б яна не была зьнішчаная, то на сёньня мы мелі б рэзыдэнцыю, роўную Радзівілаўскай у Нясьвіжы, — кажа Максім Чарняўскі.

Максім Чарняўскі
Максім Чарняўскі

Апроч таго, па словах навукоўца, гісторыя рэзыдэнцыі наўпрост зьвязаная з падзеямі Паўночнай вайны, якая дагэтуль застаецца маладасьледаванай.

Незараджаныя мартырныя бомбы ў Менску: швэды перад затапленьнем наўмысна паадбівалі адмысловыя вушкі паабапал адтуліны, каб засыпаць порах — бязь іх няма як падняць і апусьціць набой у жарало мартыры
Незараджаныя мартырныя бомбы ў Менску: швэды перад затапленьнем наўмысна паадбівалі адмысловыя вушкі паабапал адтуліны, каб засыпаць порах — бязь іх няма як падняць і апусьціць набой у жарало мартыры

«А яна была найбольш разбуральная ў старажытны пэрыяд для нашай краіны і мела вялікі ўплыў на ўвесь ход эўрапейскай гісторыі. Менавіта ў Жаберы застаецца найбольшая колькасьць матэрыяльных гістарычных сьведчаньняў, якія здольныя даць багата зьвестак пра той гістарычны пэрыяд», — лічыць Чарняўскі.

Смала-гермэтык з-пад драўлянай утулкі ад старажытнай бомбы
Смала-гермэтык з-пад драўлянай утулкі ад старажытнай бомбы

Замчышча ў Жаберы ўнесена ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў краіны. Археолягі кажуць, што для грунтоўнага дасьледаваньня бракуе сучаснай тэхнікі і новых тэхналёгіяў, але плянуюць яшчэ шэраг экспэдыцыяў. Дасьледаваньні дазволілі б рэканструяваць замак і даць уяўленьне пра тое, што ў ім было.

Наверша драўлянай утулкі бомбы
Наверша драўлянай утулкі бомбы

А пакуль месцам актыўна цікавяцца «чорныя капальнікі».

«Пакуль мы гаворым толькі пра вайсковы арсэнал замку Вішнявецкіх. Але васьмісоценны гарнізон і насельнікі — гэта людзі, якія тут жылі, карысталіся посудам, вопраткай, пабытовымі прыладамі. А гэта значыць, што на замчышчы, у ягоных равах і Ясельдзе поўна аскепкаў, кафлі, глінянага і іншага посуду, шклянак, мэталёвых спражак, гузікаў, конскіх падковаў. А гэта — мастацкае аздабленьне, выбіваньне на мэтале, ліцьцё і шмат іншага. Гэта ўсё цяпер актыўна шукаюць і рабуюць «чорныя капальнікі», — кажа Максім Чарняўскі.

Для рабаўнікоў гэтыя знаходкі ня маюць каштоўнасьці, і яны страчваюцца назаўжды
Для рабаўнікоў гэтыя знаходкі ня маюць каштоўнасьці, і яны страчваюцца назаўжды

Паводле навукоўцаў, статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці «чорным капальнікам» не замінае.

«Тут рыюць, рыюць і рыюць, — кажа Чарняўскі. — Нават зараз, па адлізе, як толькі адтала зямля, тут зьявіліся новыя сьляды раскопаў».

Кавалкі кафлі з Жаберскага замку могуць даць уяўленьне пра тое, як ён быў колісь аздоблены
Кавалкі кафлі з Жаберскага замку могуць даць уяўленьне пра тое, як ён быў колісь аздоблены

«Насамрэч, сытуацыя страшная, — падтрымлівае яго Сяргей Ліневіч. — Няма паселішча, дзе б не працавалі гэтыя „чорныя капальнікі“. У маштабе краіны мэталёвая спадчына фактычна страчаная. Тое, што зараз адшукалі мы, засталося толькі таму, што пад ваду „капальнікі“ яшчэ ня могуць апускацца».

Сяргей Ліневіч і Максім Чарняўскі
Сяргей Ліневіч і Максім Чарняўскі

Навукоўцы кажуць, што гісторыю Жаберскага палаца Вішнявецкіх яшчэ можна аднавіць і нават рэканструяваць сам палац. Тут маглі б праводзіцца мастацкія пленэры і фэстывалі, а Жабер стаў бы адной з галоўных турыстычных прынад Беларусі.

Пакуль жа тут толькі невялікі валун з мэмарыяльнай шыльдай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG