Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на 5 працэнтаў вырасла колькасьць вязьняў — да 35 тысяч


Праваабарончы цэнтар «Вясна» правёў маніторынг беларускіх месцаў зьняволеньня і даў уладам рэкамэндацыі, як палепшыць становішча ў турмах і калёніях.

«Там ты як голы перад натоўпам апранутых»

«Вясна» прэзэнтавала штогадовы маніторынг беларускіх турмаў, калёній і ЛПП, які суправадзіла рэкамэндацыямі, як палепшыць сытуацыю.

На 1 студзеня 2017 году ў Беларусі было ў зьняволеньні 35,2 тысячы чалавек, і яшчэ амаль 7 тысяч — у ЛПП (лячэбна-працоўных прафілякторыях), утрыманьне ў якіх праваабаронцы лічаць зьняволеньнем. Праваабаронцы адзначаюць, што годам раней зьняволеных было на 5% меней і што тэндэнцыя на рост колькасьці вязьняў у турмах, калёніях і ЛПП назіраецца ўжо 3 гады.

Арганізацыя Prison Policy Initiative падлічыла, што паводле паказчыку колькасьці зьняволеных на 100 тысяч насельніцтва Беларусь апынулася на 12 месцы ў сьвеце, а ў Эўропе — на другім пасьля Расеі.

Становішча з правамі чалавека ў беларускіх калёніях і турмах ахарактарызаваў старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, сам былы палітвязень:

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

«Ты там як голы чалавек перад натоўпам апранутых. Абсалютна безабаронны. У калёніях адміністрацыя перасьледуе нават за тое, што чалавек дамагаецца апраўданьня па вынесеным раней прысудзе. А ўжо калі пачынаеш скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня, дык з жыцьця вязьня, і без таго гаротнага, зробяць пекла».

Рэкамэндацыі праваабаронцаў: «Трэба вывесьці Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў з падпарадкаваньня МУС, абавязаць Дэпартамэнт пэрыядычна публікаваць дадзеныя пра сытуацыю зь вязьнямі, супрацоўнічаць зь міжнароднымі арганізацыямі ў справе абмену інфармацыяй і сучаснымі мэтадамі працы са зьняволенымі», — мяркуе аўтар маніторынгу праваабаронца Павал Сапелка.

Ці можа грамадзкі назіральнік гутарыць са зьняволеным сам-насам?

Сытуацыю ў беларускіх калёніях і турмах мог бы паправіць грамадзкі кантроль, але, на думку аўтараў маніторынгу, ён не працуе. Чаму?

Пакуль ад грамадзтва ў вязьніцы дапускаюць зрэдку толькі сябраў грамадзкіх назіральных камісій. Але яны фармуюцца і зацьвярджаюцца выканаўчай уладай — управамі выканаўчых камітэтаў на месцах і Мін’юстам, што робіць іх цалкам падкантрольнымі, лічыць аўтар маніторынгу Павал Сапелка. Паводле праваабаронцы, нават калі назіральнікі з гэтых камісій і наведваюць калёніі ды турмы, эфэкт ад тых візытаў вельмі нізкі.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Колер сьценаў і якасьць супу — гэта важна, але не прынцыпова, калі гаворка не ідзе пра суп з атручаных прадуктаў. Парушэньняў правоў вязьняў у вязьніцах шмат, гэта даводзяць справы Ігара Пцічкіна, Алега Багданава, Ігара Барбашынскага, якія там памерлі», — мяркуе Павал Сапелка.

Праваабаронца наракае ня толькі на практыку, якая склалася ў беларускіх вязьніцах, але і на сам закон, які дазваляе парушэньні. Гэтак, паводле Паўла Сапелкі, законы Беларусі максымальна абмежавалі грамадзкі кантроль за сытуацыяй у месцах зьняволеньня. Праваабаронца спаслаўся на тое, што ў Беларусі дагэтуль ня ўведзены інстытут амбудсмэна (упаўнаважанага па правах чалавека), які б мог сачыць за сытуацыяй у пэнітэнцыярнай сыстэме і ўплываць на яе, у тым ліку праз тэрміновыя візыты ў вязьніцы і парлямэнцкія справаздачы.

Яшчэ прыклад: законам не забясьпечана права назіральніка гаварыць зь вязьнем сам-насам, а бяз гэтага — адкуль сябра камісіі даведаецца пра парушэньні правоў чалавека ў вязьніцы? Як вынік — за 2016 год ад сябраў назіральных камісій не зьявілася ніводнага паведамленьня пра парушэньне правоў вязьняў, адзначаецца ў маніторынгу.

Таксама паказальны факт: за 2016 год няма афіцыйных зьвестак пра наведваньне месцаў зьняволеньня сябрамі грамадзкіх назіральных камісій, хоць у ранейшыя гады такія зьвесткі публікаваў Мін’юст.

«На люты 2017 году гэтыя зьвесткі засталіся тайнай», — канстатуе маніторынг «Вясны».

Рэкамэндацыі аўтараў маніторынгу: зьмяніць прававое рэгуляваньне грамадзка-назіральных камісій гэтак, каб у іх склад уваходзілі арганізацыі і асобы, сапраўды зацікаўленыя ў паляпшэньні сытуацыі ў месцах зьняволеньня.

Вязьні як паднявольныя працаўнікі

Улады не дапускаюць праваабарончую арганізацыю «Вясна» да непасрэднага назіраньня за станам рэчаў у калёніях і турмах, спасылаючыся на тое, што яна ня мае дзяржаўнай рэгістрацыі. Адкуль тады праваабаронцы бралі інфармацыю для свайго маніторынгу?

Павал Сапелка пералічыў крыніцы: афіцыйныя зьвесткі, у тым ліку з сайту МУС, лісты і вусныя звароты грамадзян у «Вясну», дакумэнты, якія рознымі шляхамі трапляюць у рукі праваабаронцаў зь вязьніц. Прыкладам, у маніторынгу зьмешчаная фатакопія даведкі пра заробак, атрыманы Русланам Трубкіным, якога трымалі ў ЛПП № 8 Наваполацку.

Паводле гэтага дакумэнту, за люты 2016 году, працуючы рабочым у цэху па вырабе тэнтаў, Руслан Трубкін атрымаў 201 недэнамінаваны рубель, што менш за 1 амэрыканскі цэнт. За наступны месяц вязень атрымаў 706 недэнамінаваных рублёў (гэта 3,5 цэнта).

Правы вязьняў у ЛПП масава парушаюцца, лічаць праваабаронцы. А працу вязьняў ЛПП яны прыроўніваюць да прымусовай, якая забаронена як беларускімі законамі, гэтак і міжнароднымі пагадненьнямі, ратыфікаванымі Беларусьсю.

Дарэчы, у канцы 2015 году згаданы «Вясной» вязень ЛПП Руслан Трубкін спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам — праглынуў некалькі цьвікоў, пратэстуючы супроць адмовы яму ў датэрміновым вызваленьні.

Рэкамэндацыі: Адносна ЛПП у праваабаронцаў «Вясны» адна парада да ўладаў: цалкам зьліквідаваць інстытут лячэбна-працоўных прафілякторыяў.

XS
SM
MD
LG