Аляксандар Лукашэнка 18 студзеня абмеркаваў аптымізацыю Міністэрства замежных справаў зь міністрам Уладзімерам Макеем. Як перадае БЕЛТА, цэнтральны апарат МЗС скарочаны на траціну, а замежныя ўстановы — на 15%.
Закрытыя будуць генэральныя консульствы ў Адэсе (Украіна), Гданьску (Польшча) і Міляне (Італія), рыхтуюцца рашэньні спыніць працу яшчэ двух генконсульстваў. Але адкрыць зьбіраюцца новыя амбасады «ў адной з краінаў Афрыкі і ў Эўропе». У выніку скарачэньняў у Беларусі застанецца 66 замежных установаў у 56 краінах.
Паводле Ўладзімера Макея, была пастаўленая задача «працаваць ня колькасьцю, а ўменьнем», ад скарачэньня цэнтральнага апарату эфэктыўнасьць працы ня зьнізіцца. Большая ўвага ў працы МЗС будзе ўдзяляцца тым краінам, узаемадзеяньне зь якімі «прыносіць большую аддачу». Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка казаў, што ў аптымізацыі МЗС «ёсьць нейкія нестыкоўкі, няўзгодненасьці».
Лукашэнка падкрэсьліваў на сустрэчы, што ў працы МЗС яго перадусім цікавіць тэма замежнаэканамічнай дзейнасьці. Макей расказаў яму, што рост экспарту на 23% адбыўся пераважна за кошт росту цэнаў (толькі на траціну з таго за кошт фізычнага росту экспарту), а ў дывэрсыфікацыі экспарту «зрухі таксама ёсьць, але наперадзе яшчэ шмат працы».
Ваша меркаваньне
Паказаць камэнтары