Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вырасла мыта на ўвоз лядоўняў і пральных машынаў


Ілюстрацыйнае фота

Ад 29 сакавіка ў краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу і ў тым ліку ў Беларусі зьмяніўся парадак налічэньня мытных збораў за ўвоз «непадзельных» тавараў.

«Непадзельным» таварам называецца рэч для асабістага карыстаньня, вагой большая за 35 кг, у сабраным ці разабраным выглядзе, разьдзяленьне якой прывядзе да зьмены прызначэньня. Цяпер за ўвоз такіх тавараў трэба плаціць 30% ад іх кошту, ня менш за 4 эўра на 1 кг вагі. Раней мыта залежала ад тыпу тавару.

Як адзначае Tut.by, тарыфы на тавары, якія перавышаюць ліміты, вырасьлі.​ ​Калі раней за лядоўню вагой 58 кг за 350 эўра трэба было плаціць 112 эўра мыта, то цяпер — 232 эўра, удвая больш. За ўвоз пральнай машыны вагой у 40 кг за 300 эўра раней трэба было бы заплаціць 114 эўра, цяпер — 160 эўра.

Паводле таго ж рашэньня Эўразійскай эканамічнай камісіі, да канца 2018 году без дадатковых збораў грамадзяне могуць правозіць тавараў максымум на 1500 эўра вагой да 50 кг, з 2019 году — ня больш як на 1000 эўра, з 2020-га — да 35 кг на 750 эўра, у 2021-м — да 25 кг на 500 эўра. Калі тавар перавышае норму, давядзецца плаціць 30% ад цаны і ня менш за 4 эўра на 1 кг. У Беларусі гэтыя нормы могуць удакладніць, прыняць уласныя.

Цяпер у Беларусь можна правозіць тавары да 50 кг на 1500 эўра, калі езьдзяць за мяжу не часьцей, чым раз на тры месяцы. Калі часьцей — да 20 кг і 300 эўра. Таксама дзейнічаюць ліміты на пасылкі з-за мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG