Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратуру папрасілі разабрацца, чаму міліцыя напісала аб «прадстаўніку этнічнай дыяспары цыганоў»


Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронца Аляксандар Буракоў зьвярнуўся да пракурора Магілёўскай вобласьці з просьбай праверыць адну з публікацыяў на сайце Магілёўскага УУС на факт распальваньня міжнацыянальнай варожасьці, перадае магілёўскае аддзяленьне праваабарончага цэнтру «Вясна».

У адной з публікацыяў афіцыйнага прадстаўніка магілёўскай міліцыі Дзьмітрыя Ігнатовіча паведамлялася, што бабруйскі наркакантроль затрымаў «прадстаўніка этнічнай дыяспары цыганоў».

На думку Буракова, гэта можна ацэньваць як спробу распальваньня міжнацыянальнай варожасьці. Ён мяркуе, што такі выпадак шкодзіць іміджу міліцыі, бо такім чынам «адбываецца фармаваньне нэгатыўнага вобразу этнічнай групы, што вядзе да яе маргіналізацыі»:

«На сайце Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь у разьдзеле „Праўная інфармацыя для мас-мэдыя“ апублікаваныя рэкамэндацыі для СМІ. Згодна з пунктам 8 рэкамэндацыяў, „каб пазьбегнуць распальваньня нацыянальнай нянавісьці ці варожасьці, ня варта фіксаваць увагу чытачоў і гледачоў на нацыянальнай прыналежнасьці асобаў, якія ўчынілі злачынства“. Пры гэтым у тэксьце Дзьмітрыя Ігнатовіча ўвага на нацыянальнай прыналежнасьці затрыманага зафіксаваная ажно чатыры разы.

Мне здаецца, што гэта сьвядомая адмова прадстаўніка УУС Магаблвыканкаму ад выкананьня рэкамэндацыяў Сьледчага камітэту РБ. Гэта я пазначыў і ў скарзе».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG