Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вэртыкаль» расьперазалася да немагчымасьці, што хочуць, тое і твораць», — прафэсар Кадыраў пра тое, калі беларусы дачакаюцца зьменаў


Міхаіл Кадыраў
Міхаіл Кадыраў

Вынікі чарговага каляндарнага году беларусы падсумоўваюць пры тым жа лідэры, што і апошнія дваццаць два гады. Нягледзячы на глыбокі заняпад эканомікі і вялізныя сацыяльныя праблемы, незьмяняльны прэзыдэнт, палітыка якога давяла краіну да такога стану, зусім не зьбіраецца пакідаць сваю пасаду.

Пра страчаныя шанцы для Беларусі — прафэсар, доктар сельскагаспадарчых навук, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі Міхаіл Кадыраў.

Пры моцнай нацыянальнай эліце чалавек такога ўзроўню не пратрымаўся б і адзін тэрмін

Ад канца 1990-х Міхаіл Кадыраў займаў пасаду дырэктара Інстытуту земляробства і сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук, быў чальцом Вышэйшай атэстацыйнай камісіі і Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу. У апошнія гады працаваў на катэдры асноваў аграноміі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, сёлета звольнены ў сувязі зь непрацягненьнем кантракту.

На перакананьне спадара Кадырава, у свой час Беларусь мела цудоўныя шанцы паводле ўсіх паказьнікаў стаяць у адным шэрагу з блізкімі суседзямі — Польшчай ці Літвой. Чаму сёньня даводзіцца канстатаваць, што вярнуцца на тыя пазыцыі наўрад ці магчыма?

«Мы прапусьцілі рэсурс часу ў 22 гады. Параўнайце, дзе цяпер Літва, і дзе — мы. Загублена цэлае пакаленьне! І калі хтосьці прыйдзе пасьля Лукашэнкі, запатрабуецца вельмі цяжкая і асэнсаваная праца. Сёньня я ня бачу, каб нешта асэнсоўвалася. Маўляў, маем такі стан, а хочам перайсьці ў іншы. Збольшага зразумела, які — Нямеччына, Бэльгія; палітычна, эканамічна, ва ўсіх рэчах. А як пераскочыць з таго, што ёсьць, да таго, што мае быць? Якая мусіць быць пасьлядоўнасьць крокаў?

Мы прапусьцілі рэсурс часу ў 22 гады. Загублена цэлае пакаленьне!

Так, існуе досьвед Лешэка Бальцэровіча, Івана Міклаша — магутных рэфарматараў, якіх тая ж Украіна запрашала ў якасьці дарадцаў у стратэгічных пытаньнях. Іх сапраўды можна запрасіць, яны раскажуць. Але адна рэч, каб пачалі гадоў 15 таму, тады лягчэй было і апекуноў знайсьці, і крэдыты прыцягнуць. Цяпер жа дайшлі да такога стану, што незразумела, як выкарыстаць досьвед Усходняй Эўропы ў трансфармацыі сацыяльнага жыцьця, эканомікі, палітыкі. Зусім іншая паўстала сытуацыя».

Паводле суразмоўцы, уся адказнасьць за згортваньне палітычных і эканамічных рэформаў ляжыць на адной асобе. Але пры гэтым Кадыраў удакладняе, што свой «унёсак» зрабіла і грамадзянская супольнасьць, якая не супрацьпаставіла Аляксандру Лукашэнку ніводнай уцямнай альтэрнатывы. У такім «вакуўме», перакананы спадар Кадыраў, няма вялікіх праблемаў, каб прыкрыцца надзейным тылам:

«Ён замарозіў усё жыцьцё ў краіне. Плюс за гэты час усе кадры падабраў пад свой узровень. Яму што патрэбна? Тупая адданасьць, падатнасьць. Людзі крэатыўныя, здольныя мець сваю пазыцыю, якая не ўкладаецца ў ягонае разуменьне, апынуліся на ўзбочыне. Найперш гэта наступствы браку агульнай сьветапогляднай культуры, разуменьня таго, як разьвіваецца сьвет. Зрэшты, усё можна зразумець.

Які працоўны шлях Лукашэнкі? Уся маладосьць — гэта камсамольская праца на Магілёўшчыне: 6-7 месцаў, усюды „камсамольцам“. Паступіў у пэдынстытут, завочна скончыў сельгасакадэмію — можна ўявіць, які там базісны ўзровень. Потым трапляе ў Вярхоўны Савет. Вядома, вялізную памылку зрабілі людзі, якія яго прасунулі — Ганчар, Лябедзька, іншыя. Думалі так: захочам — прыбяром. Вось і пабачылі, хто каго прыбраў. І ад таго часу кіруе. Галоўная праблема — у браку нацыянальнай эліты: пры наяўнасьці сапраўднай нацыянальнай эліты чалавек такога ўзроўню на чале дзяржавы не пратрымаўся б і адзін тэрмін».

Дваццаць гадоў ляцелі на адным крыле, але ніхто перашкаджаў скарыстаць два, каб мець балянс

Якія пэрспэктывы чакаюць краіну пры цяперашнім узроўні «замарожанасьці»? Міхаіл Кадыраў лічыць, што ўсё залежыць ад жаданьня саміх беларусаў — канчаткова падпарадкавацца сыстэме ці ўсё ж паспрабаваць акрыяць ад летаргічнага сну?

«Пэрспэктывы цьмяныя. Сам Лукашэнка як кажа? 22 гады ляцелі на адным крыле, гэта значыць, круціліся вакол сваёй восі; цяпер нібыта спрабуем пераарыентавацца на Захад і пры гэтым не раззлаваць Расею. А хто ж табе перашкаджаў адначасова ляцець на двух крылах, каб выбраць найлепшую пазыцыю? Ну, не Расея ж нам навязала грубы аўтарытарна-дыктатарскі рэжым? У чымсьці паспрыяў мэнталітэт беларусаў, у нечым гэта вынікала з самой асобы Лукашэнкі, а яшчэ — з расейскай „халявы“. Каб не дапамога Масквы, невядома, што было б наагул.

Можна па-рознаму ставіцца да Расеі, але яна паводзіць сябе так, як дазваляе кіраўнік Беларусі. Мы што, хацелі, каб Расея была ня толькі фінансавым донарам, а і ідэолягам, павадыром у лепшую будучыню? На Расею можна шмат сабак вешаць, але хто нам замінае быць людзьмі, быць дзяржавай? Чаму трываем гэтую ўбогасьць, беспэрспэктыўнасьць? Чаму мае суграмадзяне такія абыякавыя, чаму няма жаданьня ствараць вакол сябе маральную атмасфэру, каб лепш было жыць? На жаль, навокал усеагульная млявасьць і абыякавасьць».

На Расею можна шмат сабак вешаць, але хто нам замінае быць людзьмі, быць дзяржавай?

Як згадвае Міхаіл Кадыраў, ён дзясяткі разоў сустракаўся з кіраўніком дзяржавы і меў спадзевы на «ўзаемную сувязь». Але на выхадзе выявілася, што дзяжурная цікавасьць «зьверху» заканчваецца разам з прысутнасьцю тэлекамэраў:

«Я з Лукашэнкам неаднойчы сустракаўся, ён у мяне тройчы быў у інстытуце. Дакладваў яму аб праблемах расьлінаводства. Прымаліся рашэньні аб арганізацыі спэцыялізаваных цэнтраў на месцах — вазіў, паказваў яму палі. Ня кажучы ўжо пра паездкі па рэгіёнах — разоў пад 30. Раказваў пра кукурузу, пра травы, пра збожжа, пра нарыхтоўку кармоў. У мяне гэта атрымлівалася, бо я гэта ведаў, быў у тэме. І ён тады публічна гаварыў кіраўнікам гаспадарак: калі ня ведаеце як, запытайце ў Кадырава.

Я сапраўды вельмі шмат увагі надаваў сэлекцыі, насеньняводзтву, хацеў данесьці, расказаць пра новыя тэхналёгіі. Кіраўнікі абласьцей адмыслова мяне запрашалі, ведалі, што Лукашэнка пры мне ніколі не грубіў, не выбухаў, не пагражаў кайданкамі, уважліва слухаў. Па выніках паездкі нават рыхтаваўся дакумэнт — пратакол даручэньняў прэзыдэнта. А ў рэальнасьці нічога не зьмянялася. Я спачатку наіўна думаў: ну калі ёсьць пратакол, значыць, павінна нешта зрушыцца? Аказалася, што начальнікі зь ніжняй гарызанталі нічога рабіць ня хочуць, ім усё да лямпачкі».

Пакуль Міхаіл Кадыраў ня бачыць, якім чынам можна разварушыць беларускае грамадзтва пасьля двух дзясяткаў гадоў застою. І спадзяецца на тое, што гэта справакуюць паводзіны саміх уладаў:

«Міжволі задумаесься: у якіх умовах павінны жыць беларусы, каб нарэшце прачнулася пачуцьцё ўласнай годнасьці, упэўненасьць у сабе; каб узяць пад кантроль гэтую ўладу. „Вэртыкаль“ расьперазалася да немагчымасьці, што хочуць, тое і твораць.Трэба сьпісаць на бескантрольны прэзыдэнцкі фонд — наце вам прэзыдэнцкі фонд. Трэба Лукашэнку на Алімпіяду — атрымайце, зьлятаў у Нагана, Пэкін. Захацеў рэзыдэнцыю пад Петрыкавам у Ляскавічах — няма пытаньняў, збудавалі. Ці Лукашэнка ў каго-небудзь пацікавіўся, ці патрэбная новая рэзыдэнцыя, так званы Палац незалежнасьці? Калі навокал столькі нястачы, столькі хворых дзетак!

Зноў жа, ці ў каго пацікавіўся, а да якога боку нам Эўрапейскія гульні? Заможныя Нідэрлянды адмаўляюцца, дзе валавы ўнутраны прадукт у 12 разоў большы за беларускі, а Лукашэнка з гонарам канстатуе: маўляў, шчоўкнем па носе багатую Галяндыю! Дык ты пра свой народ думай, а не пра тое, як пусьціць некаму пыл у вочы!».

Фармавалі новую супольнасьць «савецкіх людзей» і на дапамогу прыйшоў бацька-татарын

65-гадовы прафэсар Кадыраў вядомы ня толькі прафэсійнымі дасягненьнямі, але і грамадзянскай пазыцыяй. У той жа час ягонае прозьвішча хутчэй асацыюецца зь лідэрамі мяцежнай Чачні, чым зь Беларусьсю. Адкуль усходняя экзотыка?

Міхаіл Кадыраў у праграме «Гаспадар»

«Я нарадзіўся і вырас у Ельску на Гомельшыне. Бацька — Кадыраў Анатоль Іванавіч, на стыку 1940-1950-х служыў там. Не сакрэт, што ў Беларусі пасьля вайны засталося вельмі мала мужчынаў — жаніх маёй маці Надзеі Савельеўны Бароўскай загінуў на фронце. За савецкім часам каго толькі сюды не вазілі, фармавалі новую супольнасьць людзей — „савецкі народ“. Адпаведна, усходняя прысутнасьць была досыць значная. І як мужыкоў засталося мала, а жыцьцё трэба было ўладкоўваць, маці выйшла замуж за Кадырава. І ён не чачэнец, татарын з Казані. У выніку на сьвет зьявіўся я.

Дарэчы, калі я ў 16 гадоў атрымліваў пашпарт, у Ельску начальнік пашпартнага стала, якога я добра ведаў, сябраваў зь яго дачкой, гаварыў: „Міша, нашто табе азіяцкае прозьвішча? Вазьмі ад маці, такое добрае...“. Але я ўжо неяк прызвычаіўся — Кадыраў і Кадыраў, для мяне нічога дзіўнага. Школьны атэстат на гэтае прозьвішча быў выпісаны. Ну, якая розьніца? Але цяпер, шчыра кажучы, у нейкім сэнсе і шкадую...».

Чым такі актыўны чалавек займае сябе на пэнсіі? Спадар Кадыраў кажа, што і дыстанцыйна намагаецца прыносіць карысьць грамадзтву:

«Ну як перыжываю „адстаўку“? Канечне, цяжка бяз справы, бо паводле тэмпэрамэнту я працаголік. Але што зробіш?.. Да абеду, як правіла, далучаны да хатніх справаў, дапамагаю па доме. Як была восень, практычна штодня езьдзіў у грыбы, зь дзяцінства вельмі люблю гэтую справу.

А ўвогуле, прызнаюся, зацягнуў Фэйсбук: спачатку праглядаю ўвесь вал інфармацыі, фільтрую навіны, якія сьведчаць пра нерацыянальнасьць нашай дзяржаўнай сыстэмы, пра яе грубыя памылкі, пра амаральнасьць паводзінаў улады і г.д.. А потым рыхтую на гэтай аснове ўласныя пасты, пішу артыкулы. Дарэчы, магу пахваліцца, што агулам у мяне публікацыяў больш за чатыры сотні, а калі асобна лічыць у недзяржаўных мэдыях, то ўжо зьбіраецца некалькі дзясяткаў — гэта і „Народная воля“, і апазыцыйныя сайты. Так што намагаюся быць максымальна ў курсе ўсіх справаў...».

Міхаіл Кадыраў нарадзіўся ў 1951 годзе. Cкончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Доктар сельскагаспадарчых навук, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, акадэмік Украінскай нацыянальнай акадэміі навук. Стваральнік больш як 20 гатункаў беларускага ячменю, мае 17 патэнтаў на вынаходствы. Аўтар паўтысячы навуковых публікацыяў і кніг. У Інстытуце земляробства і сэлекцыі НАН Беларусі прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да дырэктара. Пры канцы карʼеры працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам Навукова-практычнага цэнтру земляробства НАН Беларусі і на катэдры асноваў аграноміі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Цяпер на пэнсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG