Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13–14 сакавіка Менск наведае дзяржаўны міністар МЗС ФРГ у справах Эўропы Міхаэль Рот


Міхаэль Рот, архіўнае фота

Спадар Міхаэль Рот сустрэнецца з міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і студэнтамі. Візыт прымеркаваны да 25-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў паміж Нямеччынай і Беларусьсю, паведамляе прэс-служба нямецкага замежнапалітычнага ведамства.

Нямецкі міністар возьме ўдзел у адкрыцьці перасоўнай выставы «Лягер сьмерці Трасьцянец. Гісторыя і памяць».

Паводле інфармацыі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Яганэса Раў (IBB), выстава адкрыецца 13 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным музэі гісторыі Вялікай айчыннай вайны. У цырымоніі адкрыцьця чакаецца ўдзел намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Алега Краўчанкі, старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца, дыпляматаў, гісторыкаў зь Нямеччыны, Беларусі і Чэхіі, сьведак ваенных падзеяў і вязьняў нацызму.

14 сакавіка ў IBВ спадар Рот і былы прэмʼер-міністар фэдэральнай зямлі Брандэнбург Матыяс Плятцэк возьмуць удзел у дыскусіі «25 гадоў грамадзкіх і дыпляматычных адносінаў паміж Беларусьсю і Нямеччынай: рэтраспэктыва і пэрспэктыва».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG