Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы чакаем неадкладнага вызваленьня арыштаваных», — дзяржаўны міністар МЗС ФРГ па справах Эўропы Міхаэль Рот


Дзяржаўны міністар МЗС ФРГ па справах Эўропы Міхаэль Рот падчас візыту ў Менск пракамэнтаваў сытуацыю ў Беларусі.

«Мы ня хочам вяртаньня да часоў санкцыяў, але з боку як Эўразьвязу, так і Германіі існуе абсалютна дакладнае чаканьне, што менавіта цяпер, у важнай фазе нашых адносін, у Беларусі не павінна быць адкату назад у пляне дэмакратыі і правоў чалавека», — цытуе Міхаэля Рота БелаПАН.

Рот знаходзіцца ў Менску 13–14 сакавіка з нагоды 25-годзьдзя ўстанаўленьня дыпляматычных адносін паміж дзьвюма краінамі.

Міністар падкрэсьліў, што перадумовай для зьняцьця санкцыяў у лютым 2016 году было «дасягненьне пэўнага прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека, незалежнай юстыцыі і СМІ, у першую чаргу свабоды думак».

«Таму мы вельмі моцна заклапочаныя тымі падзеямі, якія адбываюцца цяпер, — сказаў Рот. — Мы чакаем, што ў краіне будзе такая сытуацыя, каб грамадзяне маглі свабодна і бяз страху выказваць сваю думку. Мы таксама чакаем неадкладнага вызваленьня арыштаваных».

Рот дадаў, што ў Нямеччыне станоўча ўспрынялі прыняцьце Беларусьсю Нацыянальнага пляну па правах чалавека на 2016–2019 гады. «На паперы было дасягнута многае. Зараз гэта трэба ажыцьцявіць у інтарэсах усяго беларускага народу», — сказаў дыплямат.

Ён адзначыў, што Беларусі «неабходна працягваць разьвіваць і актывізаваць дэмакратыю і прынцыпы прававой дзяржавы».

«Больш дэмакратыі стабілізуе грамадзтва. Стабільная сытуацыя ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека — карысьць для эканомікі, людзі гатовыя інвэставаць у гэтую краіну, ствараць у ёй працоўныя месцы», — падкрэсьліў Рот.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG