Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква раскрыла ўмовы крэдыту Беларусі на 700 мільёнаў даляраў


Пагадненьне аб крэдыце для Беларусі ў 700 мільёнаў даляраў зьявілася на інтэрнэт-партале афіцыйнай праўнай інфармацыі Расеі.

Расейскі ўрад пазычае ўраду Беларусі 700 мільёнаў даляраў ЗША. Тэрмін пагашэньня — 10 гадоў. Стаўка для разьлікаў — гэта стаўка LIBOR для шасьцімесячных дэпазытаў +1,45% (на Лёнданскім міжбанкаўскім рынку).

Грошы будуць пералічаныя ў расейскіх рублях паводле курсу на дзень падпісаньня дакумэнту. Сродкі выдаюцца для пагашэньня Беларусьсю папярэдніх пазыкаў ад Расейскай Фэдэрацыі.

У нас ужо 40 мільярдаў сукупнага доўгу

Умовы пазыкі для Свабоды камэнтуе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Для краіны, якая прызвычаілася жыць у доўг, 700 мільёнаў сума невялікая. Бяруць адны, а хто аддаваць будзе, невядома. У нас ужо 40 мільярдаў сукупнага доўгу. Ну яшчэ 700 мільёнаў. Відаць адно — краіна жыве за чужыя грошы.

Памер стаўкі для разьлікаў адносна невялікі. Гэта звычайная рынкавая норма. Агулам набярэцца недзе 3% гадавых.

Зьвярніце ўвагу: у дакумэнце гаворыцца пра 700 мільёнаў даляраў. А грошы дадуць Беларусі ў расейскіх рублях. Гэта вынік курсу на дэдалярызацыю эканомікі, якога трымаецца цяпер Расея».

Пагашэньне крэдыту пачынаецца 15 красавіка 2018 году і адбываецца двойчы на год аж да поўнай выплаты. Калі сплаты ня будуць своечасовыя, беларускаму боку давядзецца плаціць дадатковыя працэнты.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG