Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злотнікаў: паўмільярда даляраў вонкавай дэбіторскай запазычанасьці — вынік «разгрузкі складоў»


Ілюстрацыйнае фота. Трактары на заводзе МТЗ
Ілюстрацыйнае фота. Трактары на заводзе МТЗ

Пратэрмінаваная вонкавая дэбіторская запазычанасьць замежных партнэраў перад беларускімі эканамічнымі суб’ектамі вылічваецца ў паўмільярда даляраў. Пра гэта заявіў журналістам генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк.

Аляксандар Канюк
Аляксандар Канюк

​«Мы спрабуем шукаць грошы, праводзім мадэрнізацыю вытворчасьці, а на сёньня больш за 500 мільёнаў даляраў „завісла“, — цытуе чыноўніка БелТА. — На жаль, ня ўсе гэтыя грошы мы зможам дастаць, таму што дзесьці махлярскія структуры былі задзейнічаныя, калі наша прадпрыемства заганяе прадукцыю, скажам, у нейкае расейскае прадстаўніцтва або фірму, а тая банкрутуе. І ўсё, ужо цяжка будзе што-небудзь вярнуць пасьля такіх схемаў. Шмат пытаньняў у дзейнасьці тавараправодных сетак, у тым ліку крымінальнага характару».

Аляксандар Канюк падкрэсьліў, што Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб пад эгідай Рады бясьпекі, Генэральнай пракуратуры і Савету Міністраў сытуацыя з вонкавай дэбіторскай запазычанасьцю была прааналізаваная і на падставе гэтага агучаныя варыянты вырашэньня праблемы.

На думку генпракурора, пытаньне назапашваньня пратэрмінаванай вонкавай дэбіторскай запазычанасьці знаходзіцца перадусім у кампэтэнцыі кіраўнікоў тавараправодных сетак і залежыць ад іхнай добрасумленнасьці. Асноўнай прычынай ён лічыць «крымінальную заангажаванасьць».

«На жаль, некаторыя нашы суб’екты з упартасьцю, вартай лепшага ўжываньня, накіроўваюць у адзін і той жа пункт нашу прадукцыю без аплаты. І ў мяне як пракурора ўзьнікае адразу пытаньне: зацікаўленасьць асабістая, матэрыяльная і гэтак далей», — адзначыў генпракурор.

Чаму ўлады занепакоіліся цяпер?

Эканаміст Леанід Злотнікаў у камэнтары для Свабоды падкрэсьліў, што цяперашняя сытуацыя з вонкавай дэбіторскай запазычанасьцю — адзін з вынікаў эканамічнай палітыкі «разгрузкі складоў»:

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Вонкавая дэбіторская запазычанасьць апошнія гады застаецца прыкладна на адным узроўні, ня ведаю, чаму такая ўвага менавіта сёньня. Тут, мабыць, іншая прычына. У першым квартале самыя высокія тэмпы росту ў параўнаньні зь мінулым годам зафіксаваныя ў машынабудаваньні — 6%. Гэта, у сваю чаргу, паўплывала на мізэрны рост ВУП. Менавіта той час, калі павялічылі разгрузку складоў; адпаведна, запасы зьменшыліся, адрапартавалі пра рэалізацыю на экспарт.

Але справа ў тым, што выручка была толькі намінальная, то бок нібыта прадалі, але вяртаньне сродкаў не адбылося ў той жа прапорцыі, як вырас аб’ём продажу. Іншымі словамі, суб’екты гаспадараньня прадавалі прадукцыю або ня вельмі надзейным пакупнікам, або ў беларускія ці сумесныя збытавыя сеткі, і лічылася, што яна апрыёры прададзеная. А насамрэч толькі пераехала з аднаго складу на іншы.

Ці яшчэ варыянт: прадаецца ў крэдыт, калі пакупнікі абяцаюць разьлічыцца „некалі потым“. Тым ня менш гэта дазволіла ўраду сказаць пра некаторае ажыўленьне эканомікі. А потым з дапамогай пракурораў пачынаецца праца па „выбіваньні“ вонкавай дэбіторскай запазычанасьці».

Паводле эканаміста, куды большую праблему ўяўляе ўнутраная дэбіторская запазычанасьць, якая дасягнула 3,5 мільярда даляраў. Гэта азначае, што нарастае крызіс неплацяжоў з усімі наступствамі.

Тым ня менш, нягледзячы на складанасьці са збытам, прадпрыемствы працягваюць штампаваць прадукцыю — зноў жа, пад абяцаньні аплаты і «чэснае слова» пакупнікоў. Як кажа спадар Злотнікаў, кола замкнулася: зьверху патрабуюць паказьнікаў росту, зьнізу выконваюць, але ня маюць куды падзець вырабленае. У выніку праблема закручваецца ва ўсё больш тугі клубок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG