Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце пачалі збор сродкаў на папяровыя мапы БНР


Мапа межаў Беларускай Народнай Рэспублікі

Да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі графічная майстэрня imago.by сабралася выдаць папяровыя копіі мапаў БНР 1919 году, дзе межамі дзяржавы абвяшчаюцца амаль дакладна межы расьсяленьня беларускага этнасу.

На выданьне мапаў на сайце Ulej.by плянуюць сабраць 1500 беларускіх рублёў. За 5 рублёў можна замовіць папяровую мапу 57х40 см, за большыя грошы — мапы большых памераў у драўляных рамках, за 250 рублёў — копіі ўнікальных гравюраў «Бітва пад Оршай» і «Грунвальдзкая бітва» з «Кронікі» Марціна Бельскага 1597 году.

«Мы ня ставім пад сумнеў сучасныя палітычныя межы, мапа БНР сёньня мае ў першую чаргу сымбалічнае значэньне», — пішуць аўтары праекту.

Аўтары сьцьвярджаюць, што мапа ахоплівала тэрыторыі, на якіх у 1919 годзе размаўлялі па-беларуску, а таксама дзе жылі людзі, якія лічылі сябе беларусамі, але ня толькі. У БНР уключалі частку цяперашняй Літвы па-за этнаграфічнымі межамі Беларусі, дзе праходзіла чыгунка Горадня — Дзьвінск, а таксама частку Польшчы, каб мець мяжу з тагачаснай Нямеччынай.

Пра паходжаньне мапы і межаў БНР аўтары праекту напісалі вялікі артыкул на сваім сайце.

***

Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная ў межах расьсяленьня беларускага народу 9 сакавіка 1918 году ў Другой Устаўной грамаце Рады Ўсебеларускага зьезду. У Трэцяй Устаўной грамаце, прынятай Радай БНР 25 сакавіка 1918 году, БНР абвяшчалася незалежнай дзяржавай. Улада БНР трывала над часткай абвешчанае тэрыторыі да сярэдзіны1919 году, калі тэрыторыю Беларусі сталі кантраляваць бальшавікі. Пазьней Рада БНР стала дзейнічаць у выгнаньні — і існуе па сёньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG