Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў з Новым годам Пуціна, кіраўнікоў Манголіі і Кеніі... А Парашэнку?


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў лідэраў іншых дзяржаваў з Новым годам і Калядамі. На сайце прэс-службы Лукашэнкі віншаваньні апублікаваныя кароткім паведамленьнем без падрабязнасьцей.

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў «лідэраў краінаў-партнэраў па інтэграцыйных аб’яднаньнях» (якіх — не ўдакладняецца), прэзыдэнтаў краінаў СНД, кіраўнікоў «многіх іншых» дзяржаваў, кіраўнікоў міжнародных арганізацыяў, палітычных і рэлігійных дзеячоў.

Сярод краінаў, кіраўнікам якіх былі скіраваныя віншаваньні, называюцца Расея, Кітай, краіны Эўразьвязу (без удакладненьняў — асобна згадваецца толькі Нямеччына), Іярданія, Данія, Вэнэсуэла, Аргентына, Эгіпэт, Аб’яднаныя арабскія эміраты, Манголія, Паўднёвая Карэя, Пакістан, Кенія, Японія, Новая Зэляндыя. Таксама згадваецца, што віншаваньні накіраваныя генэральным сакратарам АДКБ і NATO.

Раней віншаваньні апублікавала прэс-служба Уладзіміра Пуціна. Сярод чатырох дзясяткаў «павіншаваных» не аказалася прэзыдэнта Ўкраіны, а таксама кіраўнікоў Польшчы і краінаў Балтыі.

Ці павіншаваў Аляксандар Лукашэнка прэзыдэнта Ўкраіны, з тэксту прэс-службы Лукашэнкі незразумела: магчыма, Пятро Парашэнка трапіў у лік кіраўнікоў краінаў СНД, але Ўкраіна толькі ратыфікавала пагадненьне пра стварэньне СНД замест СССР, але не ратыфікоўвала далейшыя дакумэнты СНД і апошнімі гадамі разважае пра выхад з саюзу — законапраект пра гэта быў унесены на разгляд у Вярхоўную раду больш за год таму.

Таксама невядома, ці віншаваў Лукашэнка кіраўнікоў заходніх і паўночных суседзяў — Польшчы, Літвы і Латвіі. Невядома і тое, ці накіраваў ён віншаваньні прэзыдэнту ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG