Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы камусьці як костка ў горле», — Лукашэнка


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна быць гатовая адбіць любую зьнешнюю агрэсію.

1 ліпеня ён выступіў на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным афіцыйнаму дню незалежнасьці Беларусі.

«Так што магу дакладна сказаць нашым нядобразычліўцам, калі яны яшчэ засталіся: бразганьне зброяй ля беларускіх рубяжоў — марнаваньне часу», — адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны заўважыў, што сьвет ня стаў спакайнейшы.

«Паведамленьні пра збройныя канфлікты, тэрарыстычныя акты, лякальныя войны ўсё часьцей гучаць у штодзённых навінах. Упершыню з часоў Вялікай Айчыннай ідуць баі ня толькі недзе далёка, але проста каля нашых межаў».

Лукашэнка адзначыў, што, «ажыцьцяўляючы шматвэктарную міралюбную палітыку, Беларусь вымушана ўсяляк мацаваць свае Ўзброеныя сілы».

«Мы камусьці як костка ў горле. Вось гэта бедная, жабрацкая цэнтральнаэўрапейская невялікая дзяржава, і яны, аказваецца, яшчэ да гэтага часу жывуць, яны яшчэ не ваююць! Гэтым людзям хачу сказаць: вайны ў Беларусі ня будзе, мы сваё шчасьце знойдзем мірным шляхам, як гэта рабілі заўсёды», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, незалежнасьць каштуе дорага:

«І тая цана, якую заплаціў наш народ, — гэта цана, каб быць незалежным. А каб захаваць незалежнасьць — плацім і будзем плаціць шмат. Іншага ня дадзена, калі мы хочам жыць у сваёй краіне, на сваёй зямлі, рабіць яе больш прыгожай і пакінуць у спадчыну сваім дзецям».

«Мы ніколі не сябруем зь некім і супраць каго б там ні было»

Лукашэнка заявіў, што Беларусь ніколі ня стане спэкуляваць на міждзяржаўных супярэчнасьцях.

«Мы ніколі не сябруем зь некім і супраць каго б там ні было... Але мы патрабуем дакладна такога ж шчырага, адкрытага, паважлівага стаўленьня і да нашай краіны».

Паводле Лукашэнкі, любыя спробы ізаляваць дзяржаву — контрапрадуктыўныя.

«Ня будзьце жлаб’ём, не набівайце кішэні»

Гаворачы пра эканоміку, Лукашэнка адзначыў, што, бачачы, як сьціскаецца расейскі рынак, Беларусь актывізавала працу па дывэрсыфікацыі экспарту.

«Наш новы падыход да экспарту вызначае: траціна прадукцыі павінна адпраўляцца на рынкі Эўразійскага эканамічнага саюзу, траціна — у краіны Эўразьвязу, яшчэ траціна — у краіны „далёкай дугі“ (дзяржавы Азіі, Блізкага Ўсходу, Лацінскай Амэрыкі, Афрыкі). Менавіта збалянсаваная геаграфія экспарту дазволіць Беларусі да 2020 году выйсьці на дадатнае сальда зьнешняга гандлю», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі будуць працаваць толькі адказныя інвэстары.

«Я любому інвэстару, заходняму, унутранаму і ўсходняму, кажу адно: стаўцеся да нашай дзяржавы і нашага народу, як да сваёй сям’і. Ня будзьце жлаб’ём, не набівайце кішэні, дайце спачатку што-небудзь людзям, да якіх вы прыйшлі і абяцалі падарыць шчасьце. Ня будзе гэтага — працаваць у нас ня будзеце, і такія інвэстыцыі ў нашу эканоміку нам не патрэбныя», — сказаў кіраўнік краіны.

«Ніякіх масавых зачыненьняў, звальненьняў і скарачэньняў»

Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі прынятыя рашэньні па вывадзе прадпрыемстваў з крызісу.

«Я папярэдзіў усіх, і ва ўрадзе, і ў кіраўніцтве гэтых прадпрыемстваў: крый божа, тое, што абяцана на гэтую падтрымку, ня будзе выканана, мы будзем гэта разглядаць як шкодніцтва. Ніякіх неабдуманых крокаў тут быць не павінна. Ніякіх масавых зачыненьняў, звальненьняў і скарачэньняў».

«Наша эканоміка пакутуе ад санкцыйнай вайны»

Лукашэнка адзначыў, што не адступіць ад мадэлі сацыяльнай дзяржавы.

Ён адзначыў, што сусьветны і рэгіянальны эканамічныя крызісы моцна ўдарылі апошнім часам ня толькі па Беларусі:

Мы стварылі моцную вэртыкаль улады, адрадзілі дзяржаўнае плянаваньне

«Але наша адкрытая эканоміка, адчувальная да ваганьняў зьнешніх рынкаў, пакутуе і ад санкцыйнай вайны, якая праводзіцца Захадам і Расеяй».

Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі распрацавана «ўласная мадэль сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця».

«Мы абаранілі краіну ад разрабаваньня. Мы стварылі моцную вэртыкаль улады, адрадзілі дзяржаўнае плянаваньне».

«Сёньняшнія праблемы ў эканоміцы, вядома, складаныя. Але яны не ідуць ні ў якае параўнаньне з тым, чаму нам даводзілася даваць рады ў дзевяностыя. Выстаялі тады — выстаім і сёньня!».

Класкоўскі: Улада села ў галёш

Аляксандар Класкоўкскі
Аляксандар Класкоўкскі

Чым адметны сёньняшні выступ Лукашэнкі, ці можна яго назваць перадвыбарчым? адказаў на гэта так:

«З аднаго боку, гэтыя тырады Лукашэнкі выглядаюць вельмі традыцыйнымі, гэта такая дзяжурная рыторыка, што мы захаваем стабільнасьць, нашу мадэль, мы дамо па зубах любому ворагу, што дзяржава і надалей будзе клапаціцца аб простым чалавеку, — кажа палітоляг Аляксандар Класкоўкскі. — ​Але, улічваючы спэцыфіку сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі, нічога іншага Лукашэнка і ня зможа сказаць. Таму што раней перад кожнымі выбарамі ўкідалі грошы, уздымалі заробкі і тым самым куплялі ляяльнасьць электарату. Сёньня рэсурсу на гэта няма. Таму застаецца толькі пэдаляваць гэтую рыторыку, што затое ў нас стабільнасьць, мы заўжды дамо адпор.

Перавод стрэлак на нейкія зьнешнія сілы, мітычных ворагаў, — гэта таксама традыцыйны прыём, калі няма іншых козыраў. Маўляў, глядзіце, каб не было яшчэ горай.

Фактычна сёньня ўлада села ў галёш са сваёй гэтай расхваленай беларускай мадэльлю разьвіцьця. Слова „разьвіцьцё“ ўжо ніхто і ня згадвае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG