Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка накіраваўся ў Кіргізстан на саміт СНД


Сьцяг Кіргізстану
Сьцяг Кіргізстану

Падчас працоўнага візыту кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка возьме ўдзел у пасяджэньні Рады кіраўнікоў дзяржаў СНД. Яно пройдзе 16 верасьня ў Бішкеку.

Як паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба, парадак дня пасяджэньня ўключае каля 15 пытаньняў.

Лідэры краін разгледзяць рэалізацыю ў 2017 годзе міждзяржаўнай праграмы «Культурныя сталіцы судружнасьці» ў Азэрбайджане, праграму супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і іншымі гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму на 2017–2019 гады, канвэнцыю аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве ды іншыя пытаньні. «Асаблівую ўвагу кіраўнікі дзяржаў зьвернуць на адаптацыю судружнасьці да сучасных рэаліяў», — піша прэс-служба.

Будзе прыняты шэраг заяваў, у тым ліку ў сувязі з 25-годзьдзем СНД.

Удзел у саміце пацьвердзілі кіраўнікі сямі краін. Украіна на саміце СНД у Бішкеку будзе прадстаўленая на ўзроўні пасла, Малдова — прэмʼер-міністра, Туркмэністан — віцэ-прэмʼера, Узбэкістан — міністра замежных спраў, паведаміў журналістам памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ўшакоў.

Згодна з пратаколам украінскі пасол ня будзе прымаць удзел у пасяджэньні ў вузкім складзе, сказаў ён РИА Новости.

Кіргіскі бок ня раз патрабаваў ад афіцыйнага Менску экстрадыцыі зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева, які атрымаў прытулак у Беларусі. Раней суд у Бішкеку завочна асудзіў Бакіева і яго роднага брата Жаныша да вышэйшай меры — пажыцьцёвага зьняволеньня за арганізацыю масавага забойства ўдзельнікаў мітынгу на цэнтральнай плошчы Бішкеку ў красавіку 2010 году. Жаныш Бакіеў таксама прызнаны датычным да арганізацыі двух заказных забойстваў.

Раней прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў заявіў, што беларускія ўлады працягваюць даваць прытулак у сваёй краіне небясьпечным злачынцам. Міністэрства замежных спраў Кіргізстану выступіла з заявай, у якой асудзіла Беларусь за тое, што тая хавае на сваёй тэрыторыі людзей з клану Бакіева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG