Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дазволіў Пракапеню набыць «Парытэтбанк» за 50 мільёнаў даляраў


Віктар Пракапеня, архіўнае фота

Прэзыдэнцкі ўказ № 254 дазваляе набыць пакет акцыяў «Парытэтбанку» інвэстыцыйнай кампаніі VP Capital бізнэсоўца Віктара Пракапені. Агучаная сума ўгоды — 50 мільёнаў даляраў.

Дагэтуль 99,83% у статутным фондзе банкаўскай установы належалі Рэспубліцы Беларусі. Пасьля набыцьця дзяржаўнага пакету акцыяў Пракапеня маецца прапанаваць мінарытарам (гэта астатнія 2656 акцыянэраў, паміж якімі разьмеркаваныя 0,17% акцыяў) выкупіць іхныя акцыі за двайную цану.

«Парытэтбанк» заснаваны ў 1991 годзе, уваходзіць у лік 15 найбуйнейшых банкаў Беларусі паводле актываў — больш за 350 мільёнаў рублёў. Мае блізу 25 рэгіянальных аддзяленьняў.

Апроч таго, Віктар Пракапеня падаў заяўку ў Нацыянальны банк Украіны з прапановай куплі ўкраінскай «дачкі» расейскага «Сбербанка». Паводле бізнэцоўца, цяпер ён чакае адказу рэгулятара.

Віктар Пракапеня — у ліку самых пасьпяховых і ўплывовых дзелавых людзей Беларусі, найбуйнейшы падаткаплатнік сярод фізычных асобаў у 2016 годзе. Актыўна інвэстуе ў ІТ-праекты, сёлета зацікавіўся банкаўскім сэктарам.

У 2015 годзе Пракапеня быў арыштаваны, але пасьля некалькіх месяцаў за кратамі «кампэнсаваў усю шкоду» і быў адпушчаны на свабоду. Сёлета Аляксандар Лукашэнка наведаў офісы дзьвюх кампаніяў Пракапені — «EXP Capital» і «Вanuba Development» — і паабяцаў падтрымку беларускаму ІТ-сэктару.

XS
SM
MD
LG