Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ларыса Шчыракова прыйшла на суд зь пятлёй на шыі. Фатафакт


Журналістка-фрылансэрка Ларыса Шчыракова прыйшла ў суд Гомельскага раёну зь пятлёй на шыі.

«Душаць празь міліцыю й суды ня толькі свабоду слова, але й фінансава саміх незалежных журналістаў. Толькі сёлета мяне аштрафавалі больш як на дзьве з паловай тысячы рублёў. Перасьледуюць мяне за „Белсат“ ужо трэці год запар — адбылося ўжо каля пятнаццаці судоў», — так патлумачыла свой учынак Ларыса Шчыракова.

Яе зноў абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

Падставай — відэасюжэт пра намер уладаў Гомля зьнесьці больш як паўсотні прыватных дамоў.

Разгляд справы перанесьлі на 9 жніўня. Будуць выклікаць яшчэ двух сьведак.

Журналістка ня стала адказваць на пытаньні судзьдзі Гомельскага раёну Андрэя Суслы, бо ня бачыць сэнсу даваць нейкія тлумачэньні:

«Усё, што я магла сказаць у сваю абарону, я ўжо гаварыла раней у гэтым жа судзе. Але ніхто ня браў да ўвагі мае тлумачэньні. Адмаўляюся сьведчыць супраць сябе, бо тут сапраўднага судовага слуханьня няма — адбываецца судовая працэдура».

Цяперашні суд за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» — трэці сёлета для журналісткі Шчыраковай. Журналістку штрафавалі сёлета і за асьвятленьне ў Рагачове акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3.

Салідарныя з журналісткай
Салідарныя з журналісткай

Падтрымаць журналістку ў судзе Гомельскага раёну прыехалі каля трох дзесяткаў чалавек, у тым ліку чацьвёра з Бабруйску. Некаторыя заляпілі сабе рот скотчам і трымалі аркушы паперы з надпісам: «Я зьбіраю й распаўсюджваю інфармацыю, я такі, як Ларыса Шчыракова».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG