Удары 30 жніўня сталі першай беспасярэдняй атакай ЗША на іранскія вайсковыя пазыцыі за больш чым месяц, пра якую паведамілі публічна. У гэты ж час Вашынгтон імкнецца аднавіць навігацыю цераз адзін з стратэгічна найважнейшых вузлавых морскіх пунктаў у сьвеце, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Амэрыканскі службовец заявіў, што сілы КВІР рыхтуюцца запускаць па затоцы ракеты з морскімі мінамі. На мінулым тыдні Цэнтральнае камандаваньне ЗША заявіла, што амэрыканскія войскі завяршылі ачыстку міжнародных навігацыйных шляхоў пратокі ад морскіх мінаў і ўважліва сочаць, што там робіцца.
Цэнтральнае камандаваньне ЗША заявіла, што «амэрыканскія войскі правялі абмежаваную, адрасную акцыю супраць мінёрскіх сілаў КВІР, якія становяць сабой беспасярэднюю пагрозу ў Армускай пратоцы. у істоце Іран стварыў пагрозу, а амэрыканскія вайскоўцы ўхілілі яе, каб абараніць цывільных маракоў, камэрцыйную навігацыю і свабодны рух усясьветнага гандлю».
КВІР паабяцаў адпомсьціць. У заяве, распаўсюджанай іранскімі дзяржаўнымі СМІ, ён паведаміў пра «пакутніцкую сьмерць і раненьні некалькіх нашых байцоў і суайчыньнікаў» і заявіў, што атака «прывядзе да пакараньня агрэсара».
Пазьней КВІР паведаміў, што ў адказ выпусьціў балістычныя ракеты па дзьвюх базах амэрыканскіх войскаў у Ярданіі. Ярданія, блізкая хаўрусьніца ЗША, заявіла, што пераняла восем ракет, якія ўварваліся ў яе паветраную прастору раніцай 31 жніўня.
Папярэджаньне наконт Армузу
Экспэрты, апытаныя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, заявілі, што ўдар ЗША менш значны як асобная ваенная акцыя, чым як дэманстрацыя таго, што Вашынгтон гатовы ўжыць сілу для перашкоды Ірану аднавіць здольнасьць пагражаць навігацыі цераз Армускую пратоку.
Алекс Пліцас, старшы навуковы супрацоўнік Атлянтычнай рады і былы службовец Пэнтагону, сказаў, што апошні абмен ударамі пачаўся пасьля іранскай атакі карабля каля ўзьбярэжжа Аману.
«Сёньняшнія ўдары „зуб за зуб“ пачаліся пасьля таго, як Іран ударыў па караблі ля ўзьбярэжжа Аману, а затым спрабаваў запусьціць у пратоку невялікую колькасьць мінаў, — сказаў Пліцас Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. — ЗША ўдарылі па пускавых устаноўках».
Пліцас заявіў, што, на яго думку, напад Ірану на караблі быў «простым адказам на заявы ЗША аб росьце патоку нафты з Армускай пратокі апошнімі тыднямі» і меў прадэманстраваць, што Тэгеран усё яшчэ можа наносіць удары па морскіх цэлях і павялічваць рызыку для адпраўнікоў грузу. Паводле Пліцаса, вельмі важна адрозьніваць фізычна заблякаваны водны шлях ад воднага шляху, які зрабілі надта небясьпечным для камэрцыйных перавозак.
Гэта ня новая фаза вайны
Джэйсан Бродскі, палітычны дырэктар арганізацыі United Against Nuclear Iran, заявіў, што ўдар — гэта сыгнал таго, што Вашынгтон не дазволіць Ірану адмяніць тое, што ён назваў амэрыканскімі посьпехамі ў апошніх тыднях у забесьпячэньні свабоды суднаходзтва ў Армускай пратоцы.
«Думаю, што сёньняшні ўдар — гэта сыгнал ад ЗША, што яны не дазволяць Ірану абнуліць амэрыканскія посьпехі апошніх тыдняў ў забесьпячэньні свабоды навігацыі ў Армускай пратоцы», — сказаў Бродскі ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Армуская пратока адкрытая, але рух транспарту моцна абмежаваны
Іэн Рэлбі, кіраўнік фірмы морскай бясьпекі Auxilium Worldwide, заявіў, што ўдар ЗША падкрэсьлівае неразьвязанасьць канфлікту паміж ЗША і Іранам.
«Думаю, сёньняшні ўдар сьведчыць пра тое, што кожны сур’ёзны назіральнік ведаў увесь час — паміж ЗША і Іранам застаецца міжнародны ўзброены канфлікт», — сказаў Рэлбі ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Паводле яго, напад паказаў, што існуе «шэраг неразьвязаных пытаньняў, для якіх няма яснага графіку разьвязаньня». Праблему ілюструе захаваньне аслабленай навігацыі цераз Армуз. Рэлбі сказаў, што рух транспарту там цяпер ці не найніжэйшы ў часе канфлікту: рухаюцца ў тым ці іншым кірунку каля пяці караблёў у дзень, а ў пэўныя дні руху транспарту наагул няма.
Пакуль што галоўнае пытаньне ў тым, ці стануць гэтыя ўдары пачаткам новага цыкл. эскаляцыі.
Тым часам Іран захоўвае магчымасьць трымаць камэрцыйную навігацыю пад пагрозай, неканечне праз спробы ўвесьці звычайную блякаду. Гэта ставіць Армуз у нестабільнае становішча: фізычна адкрыты, але з сурʼёзна абмежаваным рухам праз пагрозу атакі.
Пліцас сказаў, што статус-кво можа пэўны час захоўвацца, калі ніводзін з бакоў ня вернецца да маштабных баявых дзеяньняў.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.