Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільхам Аліеў памілаваў блогера Лапшына, якога Беларусь выдала Азэрбайджану


Аляксандар Лапшын у судзе ў Менску, архіўнае фота

Прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў памілаваў 11 верасьня грамадзяніна Расеі і Ізраілю, блогера Аляксандра Лапшына, якому раней прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі за незаконнае наведваньне Нагорнага Карабаху і выказваньні ў падтрымку незалежнасьці рэгіёну.

Лапшын напісаў некалькі рэзкіх пастоў у сацыяльных сетках пра Азэрбайджан. Пасьля іх і паездкі ў Нагорны Карабах, які Азэрбайджан лічыць сваёй тэрыторыяй, акупаванай Армэніяй, Лапшын быў уключаны ў «чорны сьпіс» у гэтай краіне. Такім асобам уезд у Азэрбайджан забаронены.

Але Лапшын усё ж здолеў ўехаць у Азэрбайджан праз Грузію па ўкраінскім пашпарце, у якім яго імя было напісана як «Олександр», а пазьней пахваліўся гэтым у сваім блогу. Азэрбайджан у адказ абвясьціў блогера ў міжнародны вышук за парушэньне правілаў уезду.

Раней на запыт азэрбайджанскага боку ў сьнежні 2016 году блогера затрымала беларуская міліцыя ў Менску, і ўжо ў лютым яго экстрадавалі ў Баку. Пасьля гэтага прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў асабіста падзякаваў прэыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за «дэманстрацыю справядлівай пазыцыі і рашучага кроку».

***

Тэрытарыяльную спрэчку паміж Армэніяй і Азэрбайджанам з нагоды Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасні 1991 года абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай Рэспублікі». За пэрыяд збройнага канфлікту 1988-94 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек, больш за сотню тысяч сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.

«Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай з краін ААН, у тым ліку Армэніяй, якая настойвае, што «НКР» павінна быць незалежнай. У 1993 годзе ААН прыняла 4 рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG