Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Лапшын на судзе ў Баку не прызнаў сябе вінаватым.


Аляксандра Лапшын у бакінскім аэрапорце 7 лютага 2017 году падчас экстрадыцыі зь Беларусі

Расейска-ізраільскі блогер Аляксандар Лапшын на судовым працэсе ў Баку 30 чэрвеня не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што ўсе ягоныя візыты ў Нагорны Карабах насілі выключна турыстычны характар.

«У сваім блогу я дзяліўся толькі турыстычнымі ўражаньнямі, і гэта не былі палітычныя публікацыі. Я быў у Карабаху два разы і ня меў кантактаў зь мясцовымі службовымі асобамі», — цытуе Лапшына агенцтва «Інтэрфакс»

Лапшын быў экстрадзіраваны зь Беларусі ў Азэрбайджан 7 лютага сёлета. Як паведамляла агенцтва ТАСС, фармулёўка абвінавачваньня супраць яго наступная:

«Лапшын, які мае грамадзянства розных краінаў, уступіўшы ў злачынную змову зь іншымі асобамі, якія пражываюць на акупаваных армянскімі ўзброенымі фармаваньнямі азэрбайджанскіх тэрыторыях, у красавіку 2011 і кастрычніку 2012 году незаконна наведаў захопленыя землі ў мэтах прапаганды незаконнага рэжыму на міжнародным узроўні».

У віну блогеру ставіцца і тое, што «6 красавіка і 29 чэрвеня 2016 году ён выступаў з публічнымі заклікамі, накіраванымі на раскол тэрытарыяльнай цэласнасьці Азэрбайджанскай Рэспублікі на міжнародным узроўні, падтрымліваючы» незалежнасьць «рэжыму, які незаконна функцыянуе на акупаваных землях».

Блогеру пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Аляксандр Лапшын быў затрыманы ў Менску ў ноч на 15 сьнежня 2016 году і па рашэньні суду экстрадзіраваны ў Азэрбайджан 7 лютага.

МЗС Расеі заявіў, што гэтае рашэньне не адпавядае духу саюзьніцкіх адносінаў. Дэпутаты парлямэнту Армэніі заклікалі МЗС сваёй краіны «адклікаць пасла з Беларусі і прыняць адносна Менску самыя жорсткія палітычныя і дыпляматычныя меры».

Між тым Азэрбайджан заклікае не палітызаваць справу Лапшына. 8 лютага ў тэлефоннай размове прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за выдачу Лапшына.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG