Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зэльве адмовіліся пераназваць вуліцу ў гонар Ларысы Геніюш, бо будзе нязручна. Тады ім прапанавалі паставіць помнік паэтцы


Фрагмэнт вокладкі кнігі «Духу магутныя чары…» Ларысы Геніюш

«Моладзь БНФ» атрымала адказ на зварот у Зэльвенскі райвыканкам Гарадзенскай вобласьці наконт перайменаваньня адной з вуліцаў мястэчка Зэльвы ў гонар паэткі Ларысы Геніюш. У перайменаваньні, як і летась, адмовілі, але паабяцалі разглядзець прапанову «пры неабходнасьці называньня новай вуліцы».

Звароты да ўладаў Зэльвы аб вуліцы Геніюш ня раз рабіліся раней, але заўсёды на іх адказвалі адмовай. У 2010 годзе ўлады адмаўлялі надаць вуліцы Савецкай імя Геніюш, бо «для большасьці жыхароў слова „Савецкая“ зьяўляецца важным гістарычным паняцьцем, асацыюецца зь іх маладосьцю і ўпэўненасьцю ў заўтрашнім дні».

Цяпер мясцовыя ўлады адказалі «Моладзі БНФ», што пераймяноўваць ужо існую вуліцу немэтазгодна, бо «гэта можа пацягнуць за сабой некаторыя нязручнасьці як для жыхароў вуліцы, якім прыйдзецца прайсьці рэгістрацыю ў групе грамадзянства і міграцыі міліцыі грамадзкай бясьпекі аддзела ўнутраных спраў раёну, а таксама перааформіць шэраг дакумэнтаў; так і для ЖКГ і Белпошты».

У «Моладзі БНФ» зазначылі, што разумеюць гэта, але ўпэўненыя, што ўшанаваць памяць Ларысы Геніюш на яе радзіме ўсё роўна варта. Таму як альтэрнатыўны (і эканомны) варыянт прапанавалі паставіць помнік Геніюш на цэнтральнай плошчы мястэчка і запусьцілі анлайн-пэтыцыю за ўстаноўку помніка.

Помнік-бюст Ларысе Геніюш стаіць на цьвінтары Сьвята-Троіцкай царквы ў Зэльве, іншым чынам памяць Геніюш у мястэчку не ўшанаваная.

Таксама ў пачатку лета «Моладзь БНФ» сабрала тысячу подпісаў за наданьне імя Ларысы Геніюш вуліцы ў Менску.

20 нечаканых фактаў пра Ларысу Геніюш

Геніюш была ахвярай палітычных рэпрэсіяў у савецкія часы (ад ГУЛАГу да забароны на творчасьць), актывісты даўно дамагаюцца рэабілітацыі імя літаратаркі. Але Вярхоўны Суд адказаў, што Геніюш не падлягае рэабілітацыі за неназваныя «злачынствы падчас Вялікай Айчыннай вайны».

Да 1947 году Ларыса Геніюш жыла ў Празе, выконвала функцыі Генэральнага сакратара ўраду БНР, займаючыся ўпарадкаваньнем і захаваньнем архіву незалежнай рэспублікі. У 1948 годзе яе разам з мужам перадалі савецкім уладам, якія абвінавачвалі яе ў «антысавецкай нацыяналістычнай дзейнасьці». Ларысу Геніюш асабіста дапытваў міністар Дзяржбясьпекі БССР Лаўрэнці Цанава, які намагаўся прымусіць яе перадаць архівы БНР. У лютым 1949 году разам з мужам паэтку асудзілі на 25 гадоў зьняволеньня ў савецкіх лягерах Комі ды Мардовіі. У 1956 годзе пасьля частковай рэабілітацыі Ларыса Геніюш вярнулася на радзіму мужа ў Зэльву. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася да канца жыцьця грамадзянкай Чэхаславаччыны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG