Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кyky.org запрацуе празь некалькі дзён


Belarus -- sad pictures 19 June 2015, kyky.org
Belarus -- sad pictures 19 June 2015, kyky.org

Кіраўніцтва папулярнага моладзевага рэсурсу kyky.org 22 чэрвеня сустрэлася з прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі. Там паабяцалі аднавіць доступ да сайту пасьля выпраўленьня парушэньняў.

Дырэктарка сайта Дар’я Мацявіна распавяла карэспандэнту Свабоды, што сустрэча адбылася па просьбе міністэрства.

«Размова пачалася з таго, што яны ня могуць зайсьці на наш асноўны сайт kyky.org, бо адразу ідзе рэдырэкт на kyky.io. У міністэрства, аказваецца, ёсьць доступ да заблякаванага сайта, і яны хацелі праверыць факт ухіленьня парушэньняў. А паколькі парушэньні былі выпраўленыя на новым сайце kyky.io, у іх няма права адкрываць сайт, яны ня могуць спраўдзіць, ці выдаленыя парушэньні на асноўным дамэне.

Таму яны папрасілі прыбраць рэдырэкт з kyky.org на kyky.io, выдаліць на kyky.org тыя артыкулы, а таксама вычысьціць мат, зьнявагі. То бок яны раздрукавалі гадавой даўніны пост Кулінковіча, маркерам выдзелілі адно нецэнзурнае слова і сказалі, каб такога больш не было. Таксама яны папрасілі выдаліць мат у камэнтарах.

Адносна вайны і параду ў нас канкрэтнай размовы не было. Адзінае, яны сказалі, што тут тонкая мяжа і заўтра, маўляў, вы можаце напісаць, што „фашызм — гэта добра“. Мы запэўнілі, што ніколі такога не напішам. Яны папрасілі адносна нецэнзурнай лексыкі захоўваць нормы, бо мы інфармацыйны рэсурс, як яны сказалі».

— Што будзе з артыкулам, пра які Дзіянаў напісаў заяву ў Міністэрства інфармацыі?

Дар’я Мацявіна
Дар’я Мацявіна

— Сказалі той артыкул выдаліць. Прычым мы цікавіліся, ці можам мы выдаліць з артыкула проста некаторыя сказы, якія не спадабаліся. Яны нічога нам не сказалі, што мы можам адрэдагаваць артыкул. Яны сказалі, што выдаліць — гэта адзіны спосаб пазьбегнуць блякаваньня.

Таксама ў Міністэрстве інфармацыі патлумачылі, чаму рэдакцыя kyky.org не атрымала папярэджаньня.

«Яны нам патлумачылі, што ў іх ёсьць працэдура апавяшчэньня толькі ў тым выпадку, калі сайт знаходзіцца ў зоне by. Тады яны паведамляюць праз гостэра, што ёсьць парушэньні, якія трэба ўхіліць. У гэтым выпадку ў іх не было магчымасьці, і таму яны адразу заблякавалі доступ. Яны нам паабяцалі, што калі мы будзем захоўваць усе іх патрабаваньні, тады яны ўключаць літаральна на днях наш асноўны адрас. Я думаю, максымум пройдзе тры-чатыры дні, і мы запрацуем на нашым асноўным дамэне. Спадзяюся, што наша праца працягнецца ў ранейшым рэжыме».

Дар’я Мацявіна сказала, што рэдакцыя вернецца на ранейшы адрас kyky.org. Адзінае, што давядзецца ўсталяваць фільтар на нецэнзурную лексыку і папрасіць карыстальнікаў яе не ўжываць.

Паводле Дар’і Мацявінай, блякаваньне сайта «не выглядала нейкім палітычным пачынаньнем».

Мне здаецца, яны самі напужаліся, што гэта выклікала такі рэзананс

«Проста на нас тэставалі свае правапрымяняльныя працэдуры. Сустрэча была добразычлівая. Мне здаецца, яны самі напужаліся, што гэта выклікала такі рэзананс. Яны гатовыя аднавіць доступ да сайта».

15 чэрвеня Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайта kyky.org.

Як гаворыцца ў паведамленьні на сайце Міністэрства інфармацыі, у шэрагу публікацыяў, разьмешчаных на дадзеным інфармацыйным рэсурсе, утрымліваюцца «прыніжальныя выказваньні ў дачыненьні да дзяржаўнага сьвята Рэспублікі Беларусь — Дня Перамогі. Аспрэчваецца значнасьць гэтай падзеі ў гісторыі дзяржавы, тым самым скажаецца гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне. Таксама ў матэрыялах на сайце kyky.org прысутнічае табуіраваная лексыка, пагардлівыя, а часам і абразьлівыя выказваньні на адрас прадстаўнікоў пэўных сацыяльных групаў, нацыянальнасьцяў і рэлігійных канфэсіяў».

Пасьля блякаваньня рэдакцыя kyky.org вымушаная была карыстацца альтэрнатыўным дамэнам kyky.io.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG