Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як па-беларуску «угол»? Маем ажно тры словы. ВІДЭА


Як па-беларуску «угол»? Маем не адно, а тры словы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

Аўтаматычны google-перакладнік з суседняй мовы нярэдка зьбядняе мову тых, хто пачынае пісаць і гаварыць па-беларуску. Прыкладам, беларуская мова дазваляе перадаць расейскае слова „угол“ не адным, як кажа гугаль, а трыма рознымі словамі для трох розных аб’ектаў. Гэта кут, вугал і рог.

Кут

Спрадвечнае, кароткае, запамінальнае слова. Кут у пакоі — зь сярэдзіны. Пярэдні кут у традыцыйнай хаце — пачэснае месца, адсюль покуць — месца для абразоў. Таксама кажам — утульны куток, родны кут.

Покуць. Неглюбка
Покуць. Неглюбка

Праўда, у кут, яшчэ і каленямі на гарох, ставілі й нядбалых вучняў, але гэта непэдагагічна! (І пярэчыць традыцыйнай цёплай сэмантыцы слова.)

Кут у жывой народнай мове — унутраны. Таму дарэчны і ў футболе. Удар — кутні, бо мячык для яго ставяць у куце поля.

Для пачынальнікаў беларускай матэматычнай тэрміналёгіі не было сумневу, што аб’ект трыганамэтрыі — менавіта кут. У „Слоўніку матэматычнае тэрмінолёгіі“ Інстытуту беларускае культуры ў Менску (1927) так і ёсьць.

Адсюль і слова трыкутнік. Праўда, пасьля вайны іх памянялі ў падручніках на вугал і трохвугольнік (відаць, каб бліжэй да расейскай), але ў пачатку 1990-х слова кут ізноў вярнула сабе сьціплы кут (як варыянт) прынамсі ў галіновых слоўніках. Гэта „Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ“ (Менск: Навука і тэхніка, 1993), „Руска-беларускі фізічны слоўнік“ (Менск: Навука і тэхніка, 1994).

Вугал

Ён, як правіла, звонку, там, дзе сутыкаюцца два бакі аб’ёмнага прадмету. Вугал дому.

Кут і вугал розныя. Нездарма кажуць:

сноўдацца з кута ў кут, непачаты кут працы,

але

з-за вугла напасьці або за вугламі абгаворваць некага. Адпаведна для ўсякіх цёмных справаў ёсьць завугольле.

Вацлаў Ластоўскі (чые 135-я ўгодкі акурат 8 лістапада) і Кляўдыюш Дуж-Душэўскі спрабавалі ўвесьці гэтыя адрозьненьне і ў геамэтрыю, каб кут быў толькі ўнутраны, вугал (у іх вугол) – вонкавы, а рог — аб’ёмны.

В. Ластоўскі, К. Дуж-Душэўскі. Слоўнік геамэтрычных і трыганамэтрычных тэрмінаў і сказаў. Коўна, 1923
В. Ластоўскі, К. Дуж-Душэўскі. Слоўнік геамэтрычных і трыганамэтрычных тэрмінаў і сказаў. Коўна, 1923

Прапанова не прыжылася ў тэрміналёгіі.

Рог

Але ў жывой мове ўсе тры словы патрэбныя. Рог хусткі, ражок насоўкі, рог лесу, рог вуліц (скрыжаваньне). У вершыку Сержука Сокалава-Воюша на літару Р для кніжкі „Азбука ня забаўка“ герой – нацыянальны татэм :-) :

Рох-рох, рох-рох,
Завярнуў парсюк за рог,
А на гэным на рагу
Прадавалася рагу.
Парсюку ж рагу ня есьці,
Бо ня стаў ён у чаргу!

(мяркую, рагу было ўсё ж з гародніны!))

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG