Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапацкі «Бульбаш-хол» прапанавалі перадаць мастакам


Будаўніцтва забаўляльнага комплексу ў Курапатах, архіўнае фота

Грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» абмеркавала зьвесткі пра хуткае адкрыцьцё забаўляльнага комплексу (раней вядомага як «Бульбаш-хол») пад Менскам, за 50 мэтраў ад урочышча Курапатаў, месца пахаваньня ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў.

Як перадае выданьне «Новы час», экспэрты лічаць, што дзяржава мусіць выкупіць комплекс і перадаць яго Беларускаму саюзу мастакоў ці некалькім творчым саюзам.

Забаўляльны комплекс будаваўся пад самым урочышчам — часткова на тэрыторыі былой ахоўнай зоны (як мяняліся ахоўныя зоны, глядзіце тут). Каб пазьбегнуць канфрантацыі каля мэмарыялу, «зыходзячы з мажлівай адмоўнай рэакцыі беларускага дэмакратычнага грамадзтва на адкрыцьцё „Бульбаш-холу“», «Экспэрты ў абарону Курапатаў» прапанавалі некалькі варыянтаў рашэньня патэнцыйнага канфлікту.

Сярод прапановаў — прыстасаваньне комплексу пад патрэбы мэмарыялу, у тым ліку для выставаў пра Курапаты і савецкія палітычныя рэпрэсіі. Над стварэньнем у Курапатах Нацыянальнага мэмарыялу тры дзясяткі гадоў працуе творчая суполка «Пагоня» — як кажа мовазнаўца Вінцук Вячорка, было бы лягічна, каб дзяржава выкупіла комплекс і перадала яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў. Можна перадаць комплекс і на балянс шэрагу розных творчых саюзаў.

«Як адзначалася на пасяджэньні, перадача „Бульбаш-холу“ беларускім творцам будзе пазытыўна ўспрынятая айчыннай грамадзкасьцю і разам з прызнаньнем неабходнасьці мэмарыялізаваць Курапаты засьведчыць пра зьмены стаўленьня дзяржавы да нацыянальнага нэкропалю, стане пачаткам грамадзкага дыялёгу ў краіне», — гаворыцца ў публікацыі «Новага часу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG