Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз Вячаслаў Барок з трэцяй спробы выйграў суд супраць супрацоўнікаў ДАІ


Вячаслаў Барок

Больш за паўгода ксёндз Вячаслаў Барок судзіўся з супрацоўнікамі ДАІ, якія выпісалі яму штраф. Двойчы абскарджваў рашэньні суду, і 10 лютага адміністрацыйная справа была спыненая.

Летам 2016 году ксёндз Вячаслаў Барок ехаў на Будслаўскі фэст на сваім аўтамабілі. Перад уездам у вёску Будслаў супрацоўнік ДАІ затрымаў яго, не дазваляючы праехаць на паркоўку, якая была вызначаная для сьвятара, склаў пратакол, што ён сам затрымаўся на скрыжаваньні, і выпісаў штраф.

Вячаслаў Барок аспрэчыў дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ. На першым паседжаньні Фрунзенскага раённага суду пратакол ДАІ накіравалі на дапрацоўку. Ну другім паседжаньні судзьдзя не дазволіў адвакату праводзіць аўдыёзапіс, чым парушыў права Барка на абарону. Спадар Барок зноў абскардзіў дзеяньні ДАІ. 9 лютага адбылося трэцяе паседжаньне суду, а 10 лютага Фрунзенскі суд спыніў справу, кажа Вячаслаў Барок:

Правасудзьдзя можна дамагчыся, але гэта ня кожнаму па кішэні

«Дзякуючы прафэсіяналізму і настойлівасьці майго адваката Марыі Колесавай-Гудзілінай удалося дамагчыся справядлівасьці. Суд спыніў справу. То бок я не вінаваты. Прыемна, канечне, пачуць такое рашэньне суду. Гэта азначае, што справядлівасьці, праўды можна дамагчыся. Але вельмі шмат высілкаў давялося прыкласьці. Вядома, прасьцей было заплаціць штраф у 42 рублі і прыкінуцца паслухмянай авечкай. А мне давялося аплаціць паслугі адваката, чатыры разы прыяжджаць зь Віцебску ў Менск, патраціць шмат часу.

Зьдзіўляюць паводзіны супрацоўнікаў ДАІ, якія давалі супярэчліввыя паказаньні: то што я ня быў падобны да сьвятара, другі раз яны казалі, што мяне ніхто не затрымліваў, а што я сам спыніўся на скрыжаваньні. Але ўрэшце можна зрабіць выснову: правасудзьдзя можна дамагчыся, але гэта ня кожнаму па кішэні. Але я хацеў стварыць прэцэдэнт, і мне гэта ўдалося».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG