Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ў Беларусі генэралаў


Міністар абароны Андрэй Раўкоў стаў генэрал-лейтэнантам
Міністар абароны Андрэй Раўкоў стаў генэрал-лейтэнантам

Аляксандар Лукашэнка сваім указам прысвоіў званьні генэрал-лейтэнантаў кіраўнікам сілавых ведамстваў, а генпракурору — вышэйшы кляс дзяржаўнага саветніка юстыцыі. Чым выкліканыя гэтыя прысваеньні новых генэральскіх званьняў?

Генэрал-лейтэнантамі сталі адразу 4 кіраўнікі. Гэта міністар абароны Андрэй Раўкоў, старшыня КДБ Валер Вакульчык, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч і міністар па надзвычайных сытуацыях Уладзімер Вашчанка.

Раней усе яны былі генэрал-маёрамі і ніяк не вылучаліся званьнямі спаміж сваіх намесьнікаў. «Цяпер адноўлены звычайны парадак, калі начальнік павінен быць вышэй за падначаленага і па званьні, але ня гэта галоўнае», — заўважае незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. Экспэрт мяркуе, што гэта ня проста чарговая раздача зорак на пагоны, а пэўны палітычны ход.

«Прысваеньне новых званьняў — з аднаго боку, гэта ўхваленьне той палітыкі, якую яны вядуць. То бок Лукашэнка задаволены тым, што адбываецца ў войску, у КДБ, у міліцыі. Што яны ўтрымліваюць апазыцыйныя сілы ў глыбокім падпольлі. Але гэта і аванс на прэзыдэнцкія выбары, каб забясьпечыць іх ляяльнасьць на будучыню. То бок узнагарода і аванс. Цяпер яны зьвязаныя цалкам з прэзыдэнтам, гэта ягоныя людзі, ён іх вылучае, узнагароджвае, раздае ім ільготы, а гэта стымулюе іх служыць яшчэ больш старанна».

А якімі льготамі карыстаюцца беларускія генэралы і якія іх прыбыткі? І ўвогуле, колькі ў Беларусі генэралаў?

Паводле падлікаў Свабоды, у Беларусі дзейных генэралаў каля 30–40, але дакладных афіцыйных зьвестак пра гэта няма. Гэтыя падлікі можна правесьці прыблізна. Вось, паводле сайта Мінабароны, у міністра Андрэя Раўкова чатыры намесьнікі — усе генэрал-маёры. Генэральскае званьне мае начальнік Вайсковай акадэміі Беларусі, генэральскія пагоны носяць яшчэ некалькі вайскоўцаў з высокімі пасадамі. Але пераважная большасьць «палявых камандзіраў» — камандзіраў брыгад ды большых злучэньняў — палкоўнікі. Вынікае, што каля 10 дзейных генэралаў і ў міліцыі, дзе адмысловыя званьні генэрал-маёраў міліцыі маюць ня толькі ўсе 5 намесьнікаў міністра Ігара Шуневіча і кіраўнік Акадэміі міліцыі, але і кіраўнікі абласных ды сталічнай упраў.

У КДБ сытуацыя з генэралітэтам прыкладна такая самая — цяпер там адзін генэрал-лейтэнант ды тры з чатырох ягоных намесьнікаў — генэрал-маёры. Сярод абласных кіраўнікоў КДБ вялікія зоркі на пагонах мае палова.

Былы міністар абароны Юры Жадобін яшчэ ў пагонах генэрал-маёра
Былы міністар абароны Юры Жадобін яшчэ ў пагонах генэрал-маёра

З 2009 году Юры Жадобін у званьні генэрал-лейтэнанта
З 2009 году Юры Жадобін у званьні генэрал-лейтэнанта

У Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях генэралаў яшчэ меней. У новасьпечанага генэрал-лейтэнанта Ўладзімера Вашчанкі чатыры намесьнікі, праўда, усе — генэрал-маёры ўнутранай службы. Але кіраўнікі абласных упраў — усе палкоўнікі.

Да гэтай прыблізнай колькасьці дзейных генэралаў трэба дадаць ня меншую колькасьць адстаўных. Сярод іх былыя міністры ўнутраных спраў Валянцін Агалец, Анатоль Куляшоў, Уладзімер Навумаў ды іншыя. Некаторыя зь іх жывуць у Расеі, як Навумаў. Адзін з былых міністраў бясьсьледна зьнік — гэта Юры Захаранка, якога афіцыйна дагэтуль не прызналі памерлым, а яшчэ пры жыцьці панізілі ў званьні да палкоўніка.

Якія заробкі ў беларускіх генэралаў? У мэдыях называліся лічбы ў далярах да 1100–1200, але афіцыйных зьвестках няма. Таму звычайна арыентуюцца на пэнсіі адстаўных генэралаў, пра якія вядома. Прыкладам, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб два гады таму апавядаў, што ягоная генэральская пэнсія складала 45% ад заробку дзейнага генэрал-лейтэнанта. А атрымліваў Мечыслаў Іванавіч у 2013 годзе 4,5 мільёна пэнсіі, якія па тым курсе адпавядалі 500 далярам. Калі цяпер я спытаў спадара Грыба пра ягоную пэнсію, ён сумы не назваў, але сказаў, што больш за год таму пэнсію павялічылі, бо выявілася, што яна пачала адставаць ад заробку дзейных генэралаў, якім сталі налічваць самыя розныя надбаўкі. За што?

«Ды за што заўгодна. За працу па кантракце, за працу ў ненармаваны час ды гэтак далей. У выніку атрымалася, што гэтыя нашы 45% рэальна сталі значна меншымі, бо падлік нашых пэнсіяў ня ўлічваў тых даплатаў. Тады гэта перагледзелі, паправілі, і ў некаторых пэнсіі павялічыліся недзе ў 1,5 раза. Але потым, у канцы мінулага году, калі курс рэзка падскочыў і беларускі рубель аслабеў, у нас як было, гэтак і засталося, пэнсіі не паднялі. Таму цяпер на сваю пэнсію магу набыць тавараў на 40% меней, чым да падзеньня рубля».

Сярод ільготаў, якія ёсьць у генэралаў, можна назваць хіба што магчымасьць лячыцца ў вайсковых шпіталях, а для пэнсіянэраў — яшчэ і часьцей атрымліваць пуцёўкі на лячэньне ў санаторый. Можна лічыць ільготай таксама права нашэньня вайсковай формы, але новую форму можна пашыць толькі за свой кошт. «Генэралам лепш быць дзейным, калі ў цябе ёсьць да грошай яшчэ і ўлада, а на пэнсіі быць усім аднолькава цяжка», — заўважае Мечыслаў Грыб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG