Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 фальсыфікацыяў гісторыі вайны ў беларускіх падручніках і афіцыйных СМІ


Берасьцейская крэпасьць, манумэнт «Мужнасьць»
Берасьцейская крэпасьць, манумэнт «Мужнасьць»

Расейскія ўлады заявілі пра спробы фальсыфікацый гісторыі другой сусьветнай вайны. Свабода з дапамогай прафэсійных гісторыкаў сабрала дзясятку фальсыфікацыяў той вайны, якія застаюцца ў беларускіх школьных падручніках і агучваюцца ў дзяржаўных СМІ Беларусі.

1. Вайна для Беларусі пачалася 22 чэрвеня 1941 году.

Першыя бомбы ўпалі на Горадню і Баранавічы ў верасьні 1939 году. Амаль тыдзень Берасьце было фактычна сталіцай Польшчы — увесь польскі ўрад уцёк у Берасьце. А потым ужо ў Румынію. Таму і кінулі на Берасьце танкавую дывізію Гудэрыяна. Немцы ўзялі Берасьце ўжо 14 верасьня і амаль цалкам яго зьнішчылі. Адным зь першых змагароў з фашыстамі быў Янка Брыль, які ваяваў зь першых гадзінаў вайны (ён апісвае гэта ў рамане «Птушкі і гнёзды»).

2. Напад Нямеччыны на СССР быў цалкам нечаканы.

На самой справе Сталін атрымаў каля 80 паведамленьняў ад савецкай агентуры пра падрыхтоўку нападу і ягоныя тэрміны. Папярэдзіў яго пра гэта і Чэрчыль. Іншая справа, што Сталін ні Чэрчылю, ні сваёй выведцы ня меў веры. Ён думаў, што Гітлер не асьмеліцца ваяваць на два фронты, што немцы рыхтуюць высадку ў Англіі (апэрацыя «Марскі леў»), а перакіданьне часткі войскаў на Ўсход — гэта такі манэўр, каб увесьці ангельцаў у зман. Сталін нават перадаў у распараджэньне Нямеччыны звыш 20 транспартных караблёў, якія стаялі ў нямецкіх партах пад савецкімі сьцягамі і з савецкімі экіпажамі ў чаканьні пагрузкі нямецкага дэсанту. Раніцай 22 чэрвеня немцы захапілі гэтыя караблі без адзінага стрэлу. Невыпадкова на першым пасьля нападу паседжаньні Палітбюро ЦК ВКП (б) Сталін даў вельмі грубую ацэнку таго, што здарылася: «Прас... лі!»

3. Узброеныя сілы Нямеччыны і яе саюзьнікаў шматкроць пераўзыходзілі ўзброеныя сілы СССР у эўрапейскай частцы краіны.

Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія па колькасьці войскаў, якія знаходзіліся ў заходніх памежных акругах, саступала войскам вэрмахту і саюзьнікаў Нямеччыны ў 1,3 раза — 3 мільёны 290 тысяч чалавек супраць 4 мільёнаў 306 тысяч. Але яна мела велізарную перавагу ў танках і самаходных гарматах (15 687 супраць 4170 нямецкіх, то бок больш як у 3,76 раза), у авіяцыі (10 742 самалётаў супраць 4642 — больш як у 2,32 раза) і ў артылерыі (59 787 гармат і мінамётаў супраць 42 600 — у 1,4 раза больш).

Калі ўлічыць савецкія войскі другога эшалёна, якія знаходзіліся ў заходніх абласьцях РСФСР, прылеглых да Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Украіны (а гэта больш за мільён чалавек), то і перавага ў колькасьці асабовага складу таксама была на баку Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.

4. Гарнізон Брэсцкай крэпасьці мужна супраціўляўся каля двух месяцаў, скаваўшы значныя сілы вэрмахту.

Немцы занялі Берасьце 22 чэрвеня да 12 гадзіны дня. Умацаваньні (форты) Брэсцкай крэпасьці штурмавала 45-я стралковая дывізія вэрмахту, якая складалася з аўстрыйцаў. Тыя войскі, што стаялі ў крэпасьці, 22 чэрвеня сышлі адтуль у прылеглыя лясы і далей адыходзілі на ўсход. У крэпасьці засталіся афіцэры штабоў і ўпраўленьняў, камэнданцкія, гаспадарчыя і іншыя падразьдзяленьні са складу 6-й і 42-й стралковых дывізіяў, памежнікі, чальцы афіцэрскіх сем’яў — усяго да 5 тысяч чалавек. Гэтыя разрозьненыя часткі савецкая, а цяпер расейская і беларуская прапаганда называюць «гарнізонам». Абаронцы крэпасьці капітулявалі 30 чэрвеня. Толькі ва Ўсходнім форце купка салдат на чале з маёрам Гаўрылавым працягвала супраціўляцца цэлы месяц — да 23 ліпеня. Але ніякага стратэгічнага значэньня іх барацьба ня мела. Наагул, Берасьцем займаліся ўсяго дзьве дывізіі праціўніка (31-я і 45-я) — са 166, якія ўдзельнічалі ва ўварваньні.

5. «Лінія Сталіна»

Лінія Сталіна
Лінія Сталіна

Гэта сыстэма ўмацаваных раёнаў уздоўж старой заходняй мяжы СССР ад Карэльскага перашыйку да берагоў Чорнага мора. Будавалася яна з 1928 да восені 1939 году і называлася тады «лініяй Молатава» (а ў нямецкіх дакумэнтах — «лініяй Сталіна») — па аналёгіі зь «лініяй Мажыно», «лініяй Манэргейма». Паводле падручнікаў, Полацкі, Менскі, Слуцкі, Мазырскі ўмацаваныя раёны знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Гэта 966 агнявых збудаваньняў. «Лінія Сталіна» магла весьці бесьперабойны артылерыйскі і кулямётны агонь. Задачай «Лініі Сталіна» было прыкрываць Менск.

Насамрэч на так званай «Лініі Сталіна» былі лякальныя баі, але вызначальнага ўплыву на ход ваенных падзеяў яна не зрабіла.

Дэмантаж «Лініі Сталіна» пачаўся з восені 1939 году, пасьля падпісаньня Пакту аб ненападзе і далучэньня Заходняй Беларусі. Да лета 1941 году дэмантаж «Лініі Сталіна» быў завершаны на 85%. Вось чаму немцы на пятыя суткі ўзялі Менск, і ніякіх баёў ад Берасьця да Менску не было.

6. На часова акупаванай тэрыторыі ўвесь народ падняўся на партызанскую барацьбу супраць акупантаў

Партызаны
Партызаны

Паводле савецкіх і шэрагу беларускіх навукоўцаў, «партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі насіў агульнанародны характар. Колькасьць беларускіх народных мсьціўцаў перавышала 374 тысячы чалавек. Яны былі аб’яднаныя ў 1255 атрадаў, зь якіх 997 уваходзілі ў склад 213 брыгад і палкоў, а 258 атрадаў дзейнічалі самастойна». Так сьцьвярджае вядомы беларускі гісторык А. Каваленя.

Аднак савецкая статыстыка сучаснымі замежнымі гісторыкамі лічыцца вельмі завышанай, і таму агульнанародны характар партызанскай вайны ставіцца пад сумнеў. (Катлярчук А., Бэрнард К’яры. Штодзённасьць за лініяй фронту: Акупацыя, калябарацыя і супраціў у Беларусі (1941–1944 гады).

Паводле афіцыйных лічбаў, у партызанскім руху ўдзельнічала ня больш за 5% насельніцтва. На думку некаторых гісторыкаў, лічбы завышаныя ў 2–3 раза. Партызаны да вясны 1943 году не наносілі вэрмахту прыкметнай шкоды. А гісторыі пра неверагодныя подзьвігі групы Канстанціна Заслонава ў Воршы, атрада бацькі Міная (Шмырова) і іншыя такога кшталту — перабольшваньне.

Беларускія партызаны ў гады вайны забілі і паранілі 500 тысяч фашыстаў, немцаў і іхніх памагатых, сьцьвярджае афіцыйная статыстыка. Ніводная краіна сьвету не пацьвярджае такой колькасьці ахвяраў. Паводле дадзеных прафэсара Эмануіла Ёфэ, партызаны маглі забіць каля 100 тысяч. Прычым з забітых большасьць — калябарацыяністы, а меншасьць — немцы. Партызан усяго было 374 тысячы. Шмат хто з камандзіраў партызанскіх атрадаў даваў завышаныя зводкі.

7. Эвакуацыя. Зь Беларусі было эвакуавана 1,5 мільёна чалавек

У энцыкляпэдыі «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941–1945» сьцьвярджаецца: «25 чэрвеня 1941 года арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія пры СНК БССР на чале са старшынёй СНК І.Былінскім. Зь ліку цывільнага насельніцтва ў першую чаргу эвакуацыі падлягалі дзеці. На ўсход у чэрвені-жніўні вывезена больш за 190 дзіцячых устаноў (каля 16,5 тысячы дзяцей)... Усяго ва ўсходнія раёны — у Паволжа, на Ўрал, у Заходнюю Сыбір і іншыя — выехала каля 1,5 млн працоўных Беларусі... »

Аднак да гэтага часу праблема эвакуацыі насельніцтва БССР у гады вайны, а асабліва колькасьць эвакуаваных, застаецца «белай плямай».

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца дадзеныя пра эвакуацыю насельніцтва БССР у рэгіёны Расейскай Фэдэрацыі, асобныя дадзеныя па Армянскай і Туркмэнскай ССР. Паводле падлікаў прафэсара Эмануіла Ёфэ, зробленых на падставе сьпісаў, якія захоўваюцца ў архіве, лік эвакуаваных зь Беларусі склаў каля 110 тысяч чалавек. Акрамя таго, у Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца «Даведка аб эвакуацыі насельніцтва БССР» ад 1 чэрвеня 1942 году. Згодна зь ёю, зь Беларусі эвакуавана 120,1 тысячы чалавек. Ёсьць яшчэ сьпісы па некаторых рэгіёнах — Комі АССР, Алтайскім краі, Мардоўскай, Чуваскай АССР і г. д. Плюс яшчэ дадамо колькасьць эвакуаваных дзяцей па розных сьпісах — 36 850 чалавек.

Такім чынам, агульная колькасьць эвакуаваных жыхароў БССР завышаная ў 2–3 разы.

8. Страты. У Беларусі загінуў кожны чацьвёрты.

Статыстыка сьведчыць: калі да вайны ў Беларусі ў яе цяперашніх межах пражывала 9,2 мільёна чалавек, то ў канцы 1944 — 6,3 мільёна. Паводле дадзеных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расьсьледаваньні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усяго на тэрыторыі БССР забіта 2 219 316 чалавек цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных (сярод іх 1,4 мільёна мірнага насельніцтва і 800 тысяч ваеннапалонных).

Многія дасьледчыкі лічаць, што зьвесткі пра людзкія страты па шэрагу раёнаў былі значна заніжаныя, што дадзеныя па некаторых лягерах для ваеннапалонных — недакладныя. У гэтую лічбу таксама ня ўключаныя тыя, хто зьнік бязь вестак, байцы Чырвонай Арміі зь ліку беларусаў, што трапілі ў палон і загінулі там. Ня ўлічаныя таксама вывезеныя ў Нямеччыну мірныя жыхары, якія там загінулі. Цяпер некаторыя дасьледчыкі мяркуюць, што з улікам ускосных страт за гады Вялікай Айчыннай вайны загінула ад 2,5 да 3 і больш мільёна жыхароў Беларусі, то бок ня менш як кожны трэці.

9. Гераізацыя асобаў. Подзьвіг Мікалая Гастэлы.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, 26 чэрвеня 1941 году ў самалёт капітана авіяцыі Мікалая Гастэлы трапіў зэнітны снарад, капітан разьвярнуў самалёт і накіраваў яго ў калёну фашысцкай тэхнікі. Са зводак Савінфармбюро ад 5 ліпеня 1941 году пра гэты таран даведаўся ўвесь Савецкі Саюз.

У 1951 годзе магілу капітана Гастэлы раскапалі для ўрачыстага перазахаваньня, і сярод рэшткаў знайшлі асабістыя рэчы іншага лётчыка — Аляксандра Маслава. Самалёт Маслава вылецеў на заданьне бамбіць шашу ў раёне Радашкавічаў. Гісторыкі сьцьвярджаюць, што менавіта Маслаў накіраваў свой палаючы самалёт у нямецкія цыстэрны.

Але Гастэла ўжо стаў часткай савецкай прапагандысцкай машыны, подзьвіг Гастэлы жыў сваім уласным жыцьцём і абскарджваньню не падлягаў.

Намаганьнямі прыхільнікаў альтэрнатыўнай вэрсіі ў 1992 годзе Маслаў быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I ступені, а ў 1996 годзе яму надалі званьне «Герой России». Шэраг дасьледчыкаў (найперш сын Мікалая Гастэлы — палкоўнік у адстаўцы Віктар Гастэла) абвяргаюць вэрсію з Маславым.

10. Белыя плямы. Беларусь пасьля вайны страціла свае тэрыторыі.

10 жніўня 1945 году быў прыняты закон аб савецка-польскай мяжы. Згодна зь ім Польшчы дасталася амаль уся Беластоцкая вобласьць (17 раёнаў), да таго ж 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. Гарады Аўгустоў, Беласток, Бельск, Гайнаўка, Драгічын, Ломжа і іншыя сталі польскімі. Узамен БССР атрымала ўсяго толькі 15 вёсак на былой польскай тэрыторыі.

Такім чынам, Беларусь стала адзінай краінай зь ліку пераможцаў фашызму, якая страціла частку сваёй этнічнай тэрыторыі. Усе астатнія краіны забралі тэрыторыі (Літва — палову Курскай касы і вярнула Клайпеду; Польшча — Уроцлаў, узьбярэжжа Балтыйскага мора; Расея — Калінінград). У падручніках пра гэта ня пішуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG