Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Код Волі. У Менску пачала працу выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР. ФОТА


Афіша выставы ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР

4 красавіка ў менскім Палацы мастацтва адкрылася выстава «Код: 25.03.2018». Яна працягвае цыкль сьвяточных імпрэзаў, прысьвечаных 100-годзьдзю абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Творцы розных пакаленьняў імкнуліся паказаць, што мары і ідэалы заснавальнікаў БНР актуальныя і сёньня, прымушаюць задумацца пра лёс краіны.

«Адраджэньне», аўтар Аляксей Марачкін
«Адраджэньне», аўтар Аляксей Марачкін
Інсталяцыя «1921. Чацьвёрты падзел», аўтары Зьміцер Юркевіч і Алесь Родзін
Інсталяцыя «1921. Чацьвёрты падзел», аўтары Зьміцер Юркевіч і Алесь Родзін

​Увазе наведнікаў прапанавана некалькі дзясяткаў карцін, габэленаў, скульптур, тканых вырабаў. Сярод аўтараў — Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Цыркуноў, Генадзь Драздоў, Мікола Назарчук, Іван Андрасюк, Аляксей Панцюк-Жукоўскі, Уладзімер Голубеў, Мікола Рыжы, Андрэй Дубінін, Сьвятлана Баранкоўская, Уладзімер Вішнеўскі, Леанід Хобатаў, Гэнік Лойка ды многія іншыя.

«Апостал. Васіль Быкаў». Аўтарскае ткацтва Сьвятланы Баранкоўскай
«Апостал. Васіль Быкаў». Аўтарскае ткацтва Сьвятланы Баранкоўскай
Дыптых «Пагоня», аўтар Уладзімер Голубеў
Дыптых «Пагоня», аўтар Уладзімер Голубеў

У сюжэтах шмат гістарычнай сымболікі, пазнавальных твараў. На лесьвічных парэнчах прымацаваныя партрэты айцоў-заснавальнікаў і грамадзкіх дзеячаў БНР. Жыцьцё бальшыні пасьля ўсталяваньня савецкай улады скончылася трагічна.

Партрэты айцоў-заснавальнікаў БНР
Партрэты айцоў-заснавальнікаў БНР
«Заснавальнікі БНР», аўтар Мікола Рыжы
«Заснавальнікі БНР», аўтар Мікола Рыжы

«Для калектыўнага несьвядомага нашай нацыі 25.03.2018 — гэта зусім не шараговая пасьлядоўнасьць лічбаў на календары, — сказаў ад імя арганізатараў выставы старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца. — Гэта ключавы код да ўспамінаў пра тыя драматычныя падзеі, што ў сакавіку 1918 году запусьцілі незваротны працэс, вынікам якога і сталася існаваньне на сучаснай мапе сьвету дзяржавы Рэспубліка Беларусь».

Аляксей Панцюк-Жукоўскі з айцамі-заснавальнікамі БНР
Аляксей Панцюк-Жукоўскі з айцамі-заснавальнікамі БНР

Спадар Сітніца выказаў спадзяваньне, што найбліжэйшым часам будзе яшчэ адна нагода ўспомніць падзеі стогадовай даўнасьці: перамовы з адказнымі чыноўнікамі Менгарвыканкаму пра ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на доме ў Менску, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР, падыходзяць да фіналу.

Зянон Пазьняк работы Гэніка Лойкі
Зянон Пазьняк работы Гэніка Лойкі
«Рыцар ВКЛ», аўтар Уладзімер Вішнеўскі
«Рыцар ВКЛ», аўтар Уладзімер Вішнеўскі

У рамках калектыўнай выставы працуе яшчэ адна, пэрсанальная — днямі 70-гадовы юбілей справіў сябра мастацкай суполкі «Пагоня» Алесь Цыркуноў. Ягоныя палотны, прысьвечаныя стагодзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР, выстаўленыя на першым паверсе Палаца мастацтва, асноўная экспазыцыя разгарнулася на другім і трэцім.

Мастак-юбіляр Алесь Цыркуноў
Мастак-юбіляр Алесь Цыркуноў

У сваіх працах мастак намагаецца паказаць, ягонымі словамі, пакручасты шлях беларускага народу да вялікага сьвята, якое адзначалася 25 сакавіка. Паказаныя перадусім асобы, якія бралі непасрэдны ўдзел у станаўленьні нацыі — ад сярэднявечча да сучаснасьці.

Перад «Плашчаніцай» Алеся Цыркунова. Эвангельскія пэрсанажы ў асобах выбітных землякоў: Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Язафат Кунцэвіч, Сафія Слуцкая, Францішак Скарына, Леў Сапега, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў
Перад «Плашчаніцай» Алеся Цыркунова. Эвангельскія пэрсанажы ў асобах выбітных землякоў: Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Язафат Кунцэвіч, Сафія Слуцкая, Францішак Скарына, Леў Сапега, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў

«Сёлета сумленныя і патрыятычна абуджаныя суайчыньнікі жывуць пад знакам 100-гадовага юбілею абвяшчэньня нашай дзяржаўнасьці, — кажа Алесь Цыркуноў. — У няпростых палітычных варунках тагачасная эліта ўзяла на сябе адказнасьць за лёс беларусаў і абвясьціла стварэньне ўласнай дзяржавы. Іх дзейнасьць стала асновай для пабудовы незалежнай Беларусі. Цяпер мы маем галоўнае — магчымасьць разьвіваць культуру, размаўляць на роднай мове, ладзіць жыцьцё на нацыянальным падмурку і на аснове агульначалавечых каштоўнасьцяў — хоць у гэтым шмат што нам замінае і шкодзіць».

Габэлен з «Пагоняй»
Габэлен з «Пагоняй»

Адзін з арганізатараў выставы «Код: 25.03.2018» Мікола Купава ў вітальным слове таксама казаў пра значнасьць падзеі, якую на дзяржаўным узроўні недаацэньваюць. Пры гэтым выказаў задаволенасьць, што, нягледзячы на ігнараваньне сьвяточных імпрэзаў дзяржаўнымі мэдыямі, людзі самі робяць свой выбар. Дарэчы, сёньняшняя імпрэза выключэньнем ня стала — на цырымоніі адкрыцьця было людна.

Трыптых «Пра Беларусь» Івана Андрасюка і інсталяцыя Анастасіі Балыш «Чырвоная спадчына»
Трыптых «Пра Беларусь» Івана Андрасюка і інсталяцыя Анастасіі Балыш «Чырвоная спадчына»

«Крытыкі кажуць, што БНР — усяго толькі мара, якая так і не ажыцьцявілася, — казаў у сваёй прамове Мікола Купава. — Асабіста я з гэтым катэгарычна ня згодны. Усё зьдзейсьнілася, іншая справа, што маладой краіне было адведзена занадта мала часу, каб запрацаваць на ўсю моц. Нават за гэты кароткі тэрмін зьявілася грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі, у краіне і за мяжой запрацавалі дзясяткі беларускіх школак, быў прыняты закон аб сымболіцы. За каго найбольш балюча, дык гэта за нашых тагачасных лідэраў — новая ўлада іх проста зьнішчыла. А ўсё так прыгожа пачыналася...»

Паэт Уладзімер Някляеў дэклямуе верш
Паэт Уладзімер Някляеў дэклямуе верш
«Стадыён „Дынама“. 19.02.1989», аўтар Мікола Назарчук
«Стадыён „Дынама“. 19.02.1989», аўтар Мікола Назарчук

Прысутныя на імпрэзе выканалі гімн «Магутны Божа», паэт Уладзімер Някляеў эмацыйна прачытаў верш, прысьвечаны сотым угодкам абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Прадстаўнікоў дзяржаўных установаў у залі заўважана не было.

«Генэрал Булак-Балаховіч», аўтар Мікола Крукаў
«Генэрал Булак-Балаховіч», аўтар Мікола Крукаў
«Зьвеставаньне», аўтар Андрэй Дубінін
«Зьвеставаньне», аўтар Андрэй Дубінін

Выстава будзе працаваць да 15 красавіка.

Калекцыянэр расказаў, які гістарычны пэрыяд не адлюстраваны на беларускіх марках

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG