Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такая ўпартасьць нагадвае адсяканьне хваста за некалькі разоў» — палітоляг пра заяву Лукашэнкі наконт дэкрэту «аб дармаедах»


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды заяву Аляксандра Лукашэнкі пра дэкрэт № 3, ад якога кіраўнік краіны не адступіцца і якога «не адмяняў і нават не прыпыняў».

«У кожным разе гэты дакумэнт сурʼёзна ўжо перапрацаваны, рыхтуюцца яшчэ зьмены. Дэ-факта мы назіраем усё ж такі адкрутку назад, максымальнае аслабленьне гэтага дэкрэту з тым, каб радыкальна зьменшыць кола людзей, якія падпадаюць пад яго дзеяньне. Іначай кажучы, улада тут усё ж такі адступіла. І гэта рэальны эфэкт пратэстаў.

Але разам з тым Лукашэнка і праз свае асабістыя якасьці, і проста як любы аўтарытарны кіраўнік ня хоча паказацца слабаком. Калі б ён проста скасаваў гэты дэкрэт, то, зь яго гледзішча, гэта азначала б, што «бацька» ўжо ня той. Ва ўсякім разе, так пачне шаптацца электарат. І заўтра гэты электарат можа яшчэ больш разбэсьціцца і пачне яшчэ сьмялей гнаць хвалю супраць улады.

Таму такая заява-падкрэсьліваньне, што ён нічога не адмяняў, мае на мэце піяраўскую звышзадачу, што ён моцна трымае сытуацыю ў руках, не пасуе перад нейкімі выклікамі і ніхто яго ня можа «нахіліць». Хоць насамрэч такая ўпартасьць нагадвае адсяканьне хваста за некалькі разоў. І калі б наверсе адразу прызналі, што была зроблена памылка, гэта сапраўды зьнізіла б і пратэстную актыўнасьць, і дадало б нейкага аўтарытэту высокай уладзе, і проста зьняла б непатрэбную нагрузку з вэртыкалі, якая цяпер круціцца, як вуж на патэльні.

Але, відаць, для афіцыйнага кіраўніка ўсё ж на першым месцы — жаданьне паказаць сябе моцным, жаданьне паказаць сябе правадыром, якога ніхто ня можа «нахіліць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG