Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік Лукашэнкі прапанаваў скараціць дэкрэтны адпачынак да 2 гадоў. Караткевіч: Гэта не дапаможа


Кірыл Руды
Кірыл Руды

Кірыл Руды перакананы, што скарачэньне адпачынку па догляду за дзіцем адаб’ецца на эканоміцы пазытыўна. Тацяна Караткевіч лічыць, што з дэкрэту жанчыне не заўсёды ёсьць куды выходзіць.

У артыкуле ў «Беларускім эканамічным часопісе» памочнік Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды выказаўся за скарачэньне дэкрэтных адпачынкаў для жанчын з трох да двух гадоў. Гэта забясьпечыць рост эканомікі на 2,3%, сьцьвярджае Руды.

«Эфэкт працяглага адпачынку па доглядзе за дзіцем неадназначны, — піша Руды і нагадвае, што ў Расеі такі адпачынак даецца на паўтара года, а ў Казахстане — на год. — Большасьць жанчын цягам чатырох-шасьці месяцаў аднаўляюцца пасьля родаў, калі няма ўскладненьняў. Таму шмат якія эўрапейскія краіны прадстаўляюць аплочаны адпачынак менавіта на гэты пэрыяд».

Руды мяркуе, што працяглы дэкрэтны адпачынак хоць і вядзе да паляпшэньня здароўя маці і дзіцяці ды стварае ўмовы для пасьпяховага груднога выкормліваньня, але адпачынак звыш двух гадоў ня мае пэўных перавагаў для здароўя і разьвіцьця. Задоўгі адпачынак, піша ён, мае і багата нэгатыўных эфэктаў.

Сярод мінусаў — нэгатыўны ўплыў на колькасьць працоўнай сілы і на валавы ўнутраны прадукт, а таксама «дадатковыя стымулы да дыскрымінацыі на рынку працы».

«Трохгадовы дэкрэтны адпачынак паўнавартасна выконвае сваю функцыю толькі ў першыя два гады. Дадатковы год ёсьць, хутчэй, вынікам недахопу дашкольнай інфраструктуры, звычкі, іншых прычынаў, наўпрост не зьвязаных з доглядам за дзіцем», — піша Руды.

Тацяна Караткевіч: Ім ня будзе куды ісьці

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Былая кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015, маці 12-гадовага сына Тацяна Караткевіч заявіла карэспандэнту Свабоды, што ад скарачэньня адпачынку па доглядзе за дзіцем станоўчага эфэкту на эканоміку не чакае:

«Мой досьвед у дыялёгу з жанчынамі паказвае, што калі гэтыя жанчыны будуць раней выходзіць з дэкрэтнага адпачынку, то ім ня будзе куды ісьці. Сёньня асноўная праблема ў рэгіёнах, у краіне — гэта працоўныя месцы для жанчын.

Я лічу, што гэта няправільна ў адносінах да аховы здароўя жанчын і дзяцей, а асабліва няправільна — зыходзячы з эканамічнай сытуацыі. Калі ў краіне крызіс, трэба прымаць такія рашэньні, якія будуць разьвіваць эканоміку, будаваць новыя працоўныя месцы. Скарачэньні выплатаў на дапамогу, падвышэньне пэнсійнага ўзросту — усё гэта неадэкватныя захады.

Рост жа эканомікі могуць забясьпечыць толькі рэформы. Даць магчымасьць разьвівацца малому і сярэдняму бізнэсу, які будзе ствараць працоўныя месцы, даць магчымасьць разьвівацца прадпрыемствам, зьменшыць удзел дзяржавы ў рэгуляваньні эканомікі — гэтыя ўсе меры відавочныя. Трэба іх у першую чаргу прымаць, а не працягваць сэквэстраваньне сацыяльных выплатаў.

Я выйшла з дэкрэтнага адпачынку, калі майму сыну было 2 гады і 2 месяцы. І гэта было абумоўлена толькі цяжкім эканамічным становішчам — выплаты былі вельмі малыя, а трэба было выжываць! Атрымала прапанову і выйшла на працу. Вядома, калі б плацілі дастаткова, каб забясьпечваць дзіця, засталася б у адпачынку, гэта ж зьвязана з ростам і гарманічным разьвіцьцём дзіцяці.

У два гады дзіця не гатовае пайсьці ў садок. Тым больш што ясьлі-сад у нас існуюць у адзінкавым варыянце.

Калі ў савецкія часы дзяцей у год аддавалі ў ясьлі-сад, то была шырокая сыстэма, інфраструктура была разьвітая. А сёньня такой інфраструктуры няма, сёньня дзіцячыя садкі не гатовыя працаваць з такімі дзецьмі.

10–13% выйшлі з адпачынку датэрмінова — а астатнія? Паверце, бачыла мамак, якія казалі, што выйшлі з адпачынку дэкрэтнага, а працы няма, праз паўгода яшчэ і трэба будзе заплаціць падатак, бо ўтрыманец. (Міністэрства па падатках і зборах думае, ці «падатак з дармаедаў» усё ж ня браць з хатніх гаспадынь зь дзецьмі да 10 год. — РС). Сёньня нельга рабіць такія меры па скарачэньні выплатаў, калі ня робіцца асноўных рэформаў у эканоміцы. Іначай атрымліваецца, рэформы пачынаюцца з хваста".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG