Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 малавядомых фактаў пра генэрала Кандратовіча, міністра абароны БНР


Кіпрыян Кандратовіч

Краязнаўца і пісьменьнік зь Ліды Леанід Лаўрэш напісаў кнігу пра генэрала Кіпрыяна Кандратовіча (1859–1932). У кнізе больш за сто старонак, рыхтуецца яна да друку ў прыватным выдавецтве ў Горадні. Свабода пагутарыла з аўтарам, які расказаў 11 малавядомых фактаў пра генэрала Беларускай Народнай Рэспублікі.

Кавалер ордэна Ганаровага легіёну

Кіпрыян Кандратовіч быў узнагароджаны францускім ордэнам Ганаровага легіёну. Гэта было істотным у вачах французаў у 1919 годзе, калі ён прыехаў у Парыж у час міжнароднай канфэрэнцыі, каб бараніць беларускія інтарэсы.

Ордэн ён атрымаў у 1892 годзе, калі Расея стала хаўрусьніцай Францыі. Кандратовіч быў тады маладым афіцэрaм у штабе грэнадэрскага корпусу.

Самы малады генэрал ад інфантэрыі

Быў самым маладым у расейскай арміі генэралам ад інфантэрыі. Гэта так званы поўны генэрал, самае высокае званьне. Вышэй — толькі фэльдмаршал, але на той час у расейскай арміі іх не было: каб атрымаць такі чын, трэба было выйграць вайну.

Правяраў «беларускія» акопы

Першая ўсясьветная вайна пачалася для яго няўдала. 30 жніўня 1914-га быў адхілены ад камандаваньня корпусам. Гэта адбылося пасьля правалу наступу расейскай арміі ва Ўсходняй Прусіі. Кандратовічу нават дасталася пазьней ад Салжаніцына ў рамане «Август Четырнадцатого».

Леанід Лаўрэш — аўтар кнігі пра Кіпрыяна Кандратовіча
Леанід Лаўрэш — аўтар кнігі пра Кіпрыяна Кандратовіча

З канца 1915 году быў інспэктарам на Заходнім фронце. Пісаў даклады, што нічога не хапае, нажыў сабе ворагаў. У наступным годзе, сярод іншага, правяраў войскі ў Баранавічах перад наступам, які пазьней праваліўся.

Некалькі генэралаў узгадваюць, як ён іх інспэктаваў. У аднаго Кандратовіч знайшоў шмат хібаў, і той вельмі дрэнна пра яго адгукаецца. Іншы, наадварот, піша пра Кандратовіча з павагай. Згадвае, як яны разам па вадой залітых акопах ноччу лазілі ў гразі, у сьнезе, аглядалі пазыцыі.

Меў ордэн, якім узнагародзілі Напалеона

У 1916 годзе быў узнагароджаны царскім ордэнам Аляксандра Неўскага, што заснаваў яшчэ Пётар І. Ім адзначалі вышэйшых афіцэраў. Нават Напалеон атрымаў яго з рук расейскага імпэратара. Гэта было прызнаньнем заслуг Кандратовіча, і гэтай узнагародай здымаюцца абвінавачаньні ў неадпаведных дзеяньнях на самым пачатку вайны, перакананы Леанід Лаўрэш.

Дывізію далі, а корпус — не

Толькі ў траўні 1917-га генэрал зноў прыняў баявую адзінку — дывізію. Для яе беларусізацыі, як лічыць Леанід Лаўрэш.

Перад Усебеларускім зьездам у лістападзе таго ж году яго, аднак, не зацьвердзілі на пасадзе камандзіра корпусу, штаб якога быў у Міры. Гэта магло адбыцца, сярод іншага, і таму, што рабіліся спробы беларусізацыі арміі, мяркуе Леанід Лаўрэш. Пазьней Кандратовіч цалкам пераключыўся на беларускую справу.

Кіпрыян Кандратовіч
Кіпрыян Кандратовіч

Пад беларускім сьцягам

Што магло паўплываць на генэрала царскай арміі, каб ён далучыўся да беларускага руху?

Пра гэта нічога не вядома, кажа Леанід Лаўрэш. Пасьля расейска-японскай вайны Кандратовіч служыў у Сярэдняй Азіі, затым у Закаўказьзі. Толькі ў 1913 годзе вярнуўся ў наш рэгіён, калі яго прызначылі камандаваць корпусам у Варшаўскай вайсковай акрузе.

Магчыма, пазьней, калі служыў пры штабе Заходняга фронту, мог зблізіцца зь некім зь беларускай інтэлігенцыі.

Аднак для аўтара кнігі вельмі важнае сьведчаньне Макара Краўцова, які напісаў яшчэ ў 1918 годзе літаральна наступнае: пэўна, гэтага генэрала вяло да нас шчырае беларускае сэрца.

У Парыж за свае грошы

Пры канцы 1918-га Кіпрыян Кандратовіч сваім коштам выправіўся з Горадні ў Парыж як удзельнік беларускай дэлегацыі. Узначальваў яе Яўген Ладноў, які вырашыў пазьней адхіліць генэрала. Аднак высьветлілася, што Ладноў працаваў на палякаў. І ў выніку, па сутнасьці, адзіным беларускім прадстаўніком застаўся генэрал Кандратовіч.

Калі ён быў міністрам абароны БНР, то не атрымліваў заробку, зазначае лідзкі краязнаўца. У Вільню і па ўсёй Беларусі езьдзіў толькі за свае грошы.

Паведамленьне ў газэце аб сьмерці Кандратовіча, падпісанае жонкай і дачкой
Паведамленьне ў газэце аб сьмерці Кандратовіча, падпісанае жонкай і дачкой

Дачка і пазашлюбны сын

У Кіпрыяна Кандратовіча ў Парыжы быў раман, ад якога нарадзіўся пазашлюбны сын Уладзімір. На радзіме заставаліся жонка і дачка.

Дачка Вера пазьней выйдзе замуж за ангельскага мастака гішпанскага паходжаньня, да 1939 году пераедзе ў Англію. У яе будуць тры сыны. З адным зь іх Леанід Лаўрэш перапісваўся.

У Міністэрстве абароны Літвы

Нейкі час Кіпрыян Кандратовіч быў намесьнікам міністра абароны Літвы. Спачатку пры канцы 1918-га, затым пасьля вяртаньня з Парыжу. Аднак зьвестак пра гэта няшмат. Вядома, што ў літоўцаў было ўсяго некалькі ротаў, і беларуская была істотнай баявой адзінкай.

Друкаваўся ў беларускай прэсе

Леанід Лаўрэш знайшоў у беларускай прэсе пачатку 1920-х гадоў з паўдзясятка артыкулаў, падпісаных прозьвішчам Кандратовіч. І якраз з аповедам пра Парыскую канфэрэнцыю. Відаць, што піша чалавек адпаведнага ўзроўню. Як вынікае з газэтных тэкстаў, ён кантактаваў з ангельскай, францускай дэлегацыямі, быў знаёмы з закуліснымі момантамі.

З артыкулаў, якія ён друкаваў у прэсе на пачатку 1920-х, відаць было, што аўтар мае досыць левыя перакананьні. Для царскага генэрала гэта досыць незвычайна. Да таго ж у траўні 1917 году ён значыўся ў сьпісах Беларускай сацыялістычнай Грамады.

Кіпрыян Кандратовіч цікавіўся прэсай, у 1923 годзе выпісваў беларускую газэту.

Тры пахаваньні генэрала Кандратовіча

Сучасная магіла Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве
Сучасная магіла Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве

Кіпрыян Кандратовіч памёр у 1932 годзе ў сваім маёнтку Пагародна, сёньня гэта ў Воранаўскім раёне. Быў пахаваны каля праваслаўнай царквы ў Лідзе.

Храм гэты ў цэнтры гораду, побач з жылой забудовай. Была пагроза, што могілкі побач зьліквідуюць. У 1998 годзе парэшткі генэрала перавезьлі ў Воранава на агульныя могілкі. Гэта было сямейным рашэньнем. Прыяжджаў з Англіі ўнук генэрала. Да перапахаваньня прычыніўся ранейшы воранаўскі бацюшка.

У 2000 годзе магілу зноў перанесьлі. Цяпер яна паміж домам сьвятара і храмам. На зямлі ляжыць стары камень зь лідзкай магілы, на ім па-расейску дарэвалюцыйным правапісам, «зь ерамі і яцямі», напісана: генэрал ад інфантэрыі. Тут жа стаіць новы, з надпісам на сучаснай расейскай мове.

Леанід Лаўрэш кажа, што ў Пагародне ўдалося знайсьці старога чалавека, які хлопчыкам служыў у Кандратовіча і памятаў пахаваньне 1932 году. Сказаў, што пахавалі ў мундзіры, у якім генэрала параніла ў расейска-японскую вайну, наскрозь прабітым куляй ці шрапнэльлю. Гэты чалавек дапамагаў перапахаваць генэрала і памятаў, дзе ў Лідзе была магіла.

«І мы потым стаялі над магілай у Воранаве першымі, хто разумеў — хто гэта, уласна, пахаваны», — скончыў свой аповед аўтар кнігі пра былога міністра абароны БНР, якому не ўдалося яе абараніць.

«Архівы БНР» у электроннай форме — падарунак чытачам Свабоды

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG