Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Архівы БНР» у электроннай форме — падарунак чытачам Свабоды


З нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР Радыё Свабода выстаўляе для чытаньня і спампоўваньня электронную вэрсію першага тому «​Архіваў Беларускай Народнай Рэспублікі», выдадзенага ў 1998 годзе.

«Архівы БНР» — публікацыя архіўных дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў фондзе № 582 Дзяржаўнага архіву Літвы. У гэтых дакумэнтах — гісторыя спробаў стварэньня незалежнай беларускай дзяржаўнасьці пасьля Першай сусьветнай вайны ў шырокім кантэксьце. Падзеі гэтай гісторыі адбываюцца ў Беларусі, Украіне, Літве, Расеі, Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі.

Гэты архіўны збор для беларускіх дасьледнікаў ня быў сакрэтам, яшчэ ў савецкія часы зь ім працавалі афіцыйныя гісторыкі, спасылкі на дакумэнты з гэтага фонду часта сустракаюцца ў антыБНРаўскіх публікацыях. Аднак з узьнікненьнем паміж Беларусью і Літвой дзяржаўнай мяжы праца ў літоўскіх архівах для беларускіх дасьледнікаў моцна ўскладнілася.

Архівы БНР. Том 1. Кніга 1 (PDF, 88,0 MB)

Архівы БНР. Том 1. Кніга 2 (PDF, 86,5 MB)

«Архівы БНР» фактычна дазваляюць мець усе 135 папак-справаў фонду № 582 пад рукой — там на 1720 старонках падрабязна апісаныя ў храналягічным парадку ўсе дакумэнты і матэрыялы. Бальшыня зь іх публікуецца цалкам, непублікаваныя падрабязна апісваюцца, і ў разе патрэбы іх можна лёгка знайсьці.

Асаблівую каштоўнасьць мае эпісталярый — у кнізе публікуецца каля 1500 лістоў беларускіх палітычных, грамадзкіх і культурных дзеячоў 1917-1925 гадоў.

Сёлета плянуецца выданьне другога тому «Архіваў БНР», куды ўвойдуць матэрыялы менскай часткі Архіваў — фонду 325 Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

Таксама не прапусьціце! Падарунак ад Свабоды на Дзень Волі: спампуйце кнігу «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG