Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа супраць дырэктара барысаўскага водаканалу: тэхнічную ваду людзям прадавалі як пітную


Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура распачала крымінальную справу супраць былога дырэктара «Барысаўводканалу» за падман спажыўцоў (ч. 2 арт. 257 КК).

Імя чыноўніка не называецца, але ў сакавіку пасаду пакінуў Віктар Запоўскі, з таго часу абавязкі дырэктара выконвае Лявонці Шапавал.

Экс-дырэктара падазраюць у тым, што ён ведаў пра кепскую якасьць вады ў некаторых артэзіянскіх сьвідравінах на тэрыторыі раёну, але не інфармаваў пра гэта цэнтар эпідэміялёгіі і спажыўцоў. Са 150 сьвідравінаў вада аказалася няякаснай у 18, хоць вадаканал пэрыядычна праводзіў яе аналізы.

Пра тое, што вада кепская ў Вяляціцкам, Глівінскім, Зачысцкім, Лошніцкім, Метчанскім, Нёманіцкім і Перасадзкім сельсаветах, АБЭП даведаўся «апэратыўным шляхам», бо ніхто з грамадзянаў ня скардзіўся.

Урон ад дзеяньняў чыноўніка для грамадзян АБЭП ацаніў у 18 тысяч рублёў. У барысаўскім АБЭП Свабодзе патлумачылі, што людзі пераплацілі, бо такая вада павінна была прадавацца як тэхнічная, а не пітная.

Былому дырэктару вадаканалу пагражае да трох гадоў абмежаваньня ці пазбаўленьня волі. Сьледчыя не выключаюць, што дзеяньні чыноўніка могуць быць перакваліфікаваныя і на больш цяжкі артыкул.

Пацярпелых ад яго дзеяньняў і тых, хто мае прэтэнзіі на якасьць вады ў Барысаўскім раёне, просяць зьвяртацца ў АБЭП па тэлефонах (8-0177) 70-70-23 і (8-029) 332-96-88.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG