Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў не дазволіла Канапацкай удзельнічаць у Форуме грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства»


Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў адмовіла дэпутатцы Ганьне Канапацкай, актывістцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, афіцыйна ўзяць удзел у Форуме грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» 26 кастрычніка ў Таліне.

«Я не атрымала дазволу ўдзельнічаць у асамблеі Форуму грамадзянскай супольнасьці „Ўсходняга партнэрства“ з матывіроўкай, што гэта непарлямэнцкая дзейнасьць, — паведаміла БелаПАН Ганна Канапацкая. — Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, мабыць, баіцца маіх міжнародных сустрэч. Бо на іх будзе гучаць мая думка, адрозная ад афіцыйнай».

Дэпутатка адзначыла, што падавала кіраўніцтву парлямэнту «дакладную запіску на два аркушы», у якой абгрунтавала неабходнасьць сваёй прысутнасьці на форуме. «Атрымала адказ, што гэта непарлямэнцкая дзейнасьць. Хоць я ўвесь час кажу пра тое, што грамадзянская супольнасьць павінна ўдзельнічаць у выпрацоўцы рашэньняў, якія ўплываюць на разьвіцьцё краіны», — сказала Канапацкая.

Пры гэтым Канапацкая паведаміла, што яна ўсё ж зможа ўзяць удзел у паседжаньні форуму ў Таліне.

У Таліне 26 кастрычніка адбудзецца канфэрэнцыя Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і яго штогадовая асамблея. У мерапрыемстве возьме ўдзел намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка «ў якасьці запрошанага госьця».

Саміт «Усходняга партнэрства» адбудзецца 24 лістапада ў Брусэлі.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG